Міхаіл Чыгір: Абвал рубля адбыўся з-за ўнутраных праблем у эканоміцы



Ці атрымаюць дывідэнды беларускія прадпрыемствы ад дэвальвацыі беларускага рубля?

66E37741-05F0-48EA-A070-EFE69CAEECF0_cx1_cy1_cw99_mw1024_s_n_r1

Пра гэта разважае былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір. Сёння на таргах БВФБ даляр вырас яшчэ на 234 рублі да 17.836 беларускіх, еўра – на 539 рублёў – да 20.474.

Міхаіл Чыгір: Падзенне нацыянальнай валюты – гэта стымул для экспарцёраў. Выйграе той, хто экспартуе, але і гэта выйгрыш на вельмі кароткі перыяд. А для астатніх прадпрыемстваў у такой сітуацыі нічога добрага няма. Асабліва для тых, хто працуе на ўнутраны рынак, а камплектуючыя і сыравіну купляе за мяжой. У іх застаецца адзіны выхад – падымаць кошты на сваю прадукцыю.  

РР: Нацбанк заявіў, што не будзе штучна рэгуляваць курс беларускага рубля.

Міхаіл Чыгір: Па вялікім рахунку, правільнае рашэнне. Колькі можна рэгуляваць? Можна стрымліваць курс, а затым адбудзецца выбуховая дэвальвацыя. Адміністратыўнае рэгуляванне –  гэта назапашванне праблем, якія затым узрываюцца і яшчэ мацней б’юць па эканоміцы.

РР: Адны аналітыкі кажуць, што на абвал беларускага рубля ў першую чаргу ўплываюць падзенне сусветных коштаў на нафту і сітуацыя ў расейскай эканоміцы. Іншыя сцвярджаюць, што праблемы ўнутраныя. Як вы лічаце?

Міхаіл Чыгір: Я лічу, што гэта толькі ад унутраных праблем, не трэба спасылацца на знешнія фактары. Калі б раслі кошты на нафту, то было б зразумела, бо мы купляем яе. Але ж кошты на нафту падаюць. І давайце адкажам на пытанне: чаму гэтыя знешнія фактары не ўплываюць на сітуацыю ў краінх Балтыі, Польшчы? Так, мы падпісваем дамовы з расейскімі прадпрыемствамі на разлікі ў расейскіх рублях. Экспарцёры, якія пастаўляюць прадукцыю ў Расею, губляюць на розніцы курсаў. Дык вы дамоўцеся паміж сабой, як будзеце карэкціраваць разлікі пры падзенні расейскай валюты. І ўся праблема. Чаму мы за газ, нафту плацім далярамі, а сваю прадукцыю пастаўляем за рублі? І няма чаго спасылацца на некага, калі ў саміх праблемы.  

РР: Які выхад з сітуацыі?

Міхаіл Чыгір: Рэфармаваць эканоміку і развіваць прыватную ініцыятыву. Не шукаць ворагаў сярод сваіх бізнесменаў, а падтрымліваць. Калі не заплацілі падаткі, то пакарайце, і няхай далей працуюць. А мы ж іх выціснулі – многія паз’язджалі ў Расею, краіны Балтыі, а зараз пытаем: чаму ў нас праблемы? Таму што многія тыя, хто карміў дзяржаўны бюджэт, з’ехалі з краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота rferl.org