Феадосія Максіма Багдановіча



Вяртаемся да тэмы культурнай спадчыны, звязанай з Максімам Багдановічам, якая засталася ў анексаваным Крыме.    muzej 2

Раней музей стаяў на Мітрыдатавай гары – гэта ідэя мастака Айвазоўскага

Феадосія (са старажытна- грэчаскай – “Богам дадзеная”) з канца 19-га стагоддзя – папулярнае месца летняга адпачынку.

Максім Багдановіч быў у Феадосіі летам 1915 года па дарозе ў Стары Крыме, дзе ён адпачываў некалькі летніх месяцаў.  У выніку з’явіўся нарыс на рускай мове “Феодосия”  адзін з трох нарысаў, аб’яднаных агульнай назвай  “Из летних впечатлений”  –  падарожныя нататкі на рускай мове (“Феодосия”, “Старый Крым”, “Поездка в Коктебель”). Упершыню былі надрукаваныя з працягам  ў часопісе “Русский экскурсант”, 1916, 1-3 пад рубрыкай “Родиноведение”.

muzej feodosija

Першапачаткова нарыс быў напісаны з мэтай зацікавіць патэнцыйных турыстаў пачатку мінулага стагодздзя і распавесці ім, што і дзе трэба  глядзець. Для нас цяпер істотна і цікава тое, што сам Багдановіч бачыў у Феадосіі.

У Феадосіі захавалася амаль усё: старыя вуліцы, якія вядуць да мора, музейная экспазіцыя, Генуэзская крэпасьць, Армянскія цэрквы XIV стагоддзя.

Можна дакрануцца да мармуровых ільвоў з адшліфаванымі спінамі, пра якіх Багдановіч напісаў так: “У самага ўваходу ў музей ляжаць два мармуровыя львы, грэчаскай работы і вельмі старажытнай эпохі”. Львы,  якія ляжалі ля ўваходу ў музей,  цяпер ляжаць ва ўнутраным дворыку музею. Толькі раней музей стаяў на Мітрыдатавай гары – гэта ідэя мастака Айвазоўскага – фундатара музею.

Будынак музею быў зруйнаваны падчас другой сусветнай вайны, а экспанаты захаваліся. Тут Багдановіч разважаў, як змяняліся народы і культуры: „І калі патрэбны “рэчавыя доказы” гэтай гістарычнай чарады, то звернемся па іх у музей”.

muzej-3

Побач з ільвамі бачым грэчаскае надмагілле, калоны  з арабскай вяззю, грэчаскімі і армянскімі надпісамі, пліты з гербамі Генуэзскай рэспублікі. Музейная калекцыя перанесеная з Мітрыдатавай гары ў невялікі будынак на галоўнай вуліцы Феадосіі, якая вядзе да мора. Экспанаты захаваліся добра, хаця, відаць, у той час, калі музей наведаў Багдановіч, экспазіцыя была большая.

Максіма Багдановіча ў феадасійскім музеі ўразіла дробная пластыка, ён занатаваў: “Дастаткова ў музеі і стражытнагрэчаскіх статуэтак, праўда, дробных, але цікавых, напрыклад, хаця б па выразнасці твараў”. Яны і дагэтуль тут – маленькія тэракотавыя статуэткі.

Ёсць у экспазіцыі і дзверы з чорнага дрэва з Армянскай царквы, якія ўразілі Багдановіча. У Генуэзскай крэпасці у Феадосіі, у якой з часоў Багдановіча мала што змянілася. Ёсць чатыры армянскія царквы, якія Багдановіч таксама бачыў. Вельмі сціплыя, але ўражваюць старажытнасцю і натуральнасцю ў краявідзе на фоне мора і гор.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

Паводле: Максім Багдановіч. Поўны збор твораў у трох тамах. Т 2. Мн, 1993, ст. 112, ст. 115