Айцец Леанід: Нас называюць “раскольнікамі”



Калісьці расейскі рэлігійны філосаф Сяргей Булгакаў дэклараваў: “Царква складаецца з нацыянальных цэркваў гэтакжа сама, як чалавецтва складаецца з нацый”.

Але ў цяперашнім праваслаўным жыцці Беларусі рэй трымае пераважна царква Маскоўскага патрыярхату.

Ці азначае гэта, што за беларусамі не прызнаюць права звацца нацыяй? Ці толькі маскоўскае праваслаўе ёсць у нашай краіне? Чаму вышэйшыя іерархі Маскоўскага патрыярхату так варожа ўспрымаюць Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву? Якія адносіны складаюцца ў БАПЦ з іншымі хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі?

^15908D45B13BDC13B7806C694FE21DF357435596CB34E8FA06^pimgpsh_fullsize_distr

Са святаром Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцом Леанідам (Акаловічам) гутарыць Марцін Война.

РР: Далёка не ўсе ведаюць, што такое Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. Раскажыце, калі ласка!

а. Леанід (Акаловіч): Беларуская праваслаўная царква паўстала не менш, чым 700 гадоў таму. Акурат сёлета мы і адзначаць мусім юбілей нашага праваслаўя, нашай царквы, якая была абвешчаная ў Навагрудку. Мы хочам, каб нашы людзі ведалі, што нашая гісторыя багатая, і што мы не нейкія там “сектанты”, як нас называюць у Маскве…

РР: …некананічная?

а. Леанід (Акаловіч): …некананічная, афіцыйна незарэгістраваная… І нам заяўляюць: “А вы што – хочаце, каб у нас было, як ва Украіне?” Маўляў, калі БАПЦ зарэгістраваць, то будзе нешта такое, як ва Украіне…

РР: А дзе прычынна-выніковая сувязь?

а. Леанід (Акаловіч): Яны ж бачаць, што ва Украіне ёсць непадкантрольная Маскве царква. Таму нас і называюць “раскольнікамі”. Не яны раскалываюць наш беларускі народ, маскалі гэтыя, а тыя, хто змагаецца за сваю нацыянальную царкву, у іх, бач ты, “раскольнікі”!

РР: Раскажыце пра храмы Беларускай аўтакефаліі ў нашай краіне.

а. Леанід (Акаловіч): Адзін з першых храмаў у нас быў у пасёлку Пагранічны, што ў Гарадзенскай вобласці. Там быў такі святар Ян Спасюк.

РР: Але ж той храм разбурылі!

а. Леанід (Акаловіч): Так. Прыгналі бульдозер, хаця быў цокаль збудаваны, і першы паверх, і ў тым храме і маліліся. Таксама ў нас адабралі пад Менскам храм Нараджэння Маці Божай, што ў Сёмкавым гарадку. Храм адабралі, мяне аштрафавалі і колькі разоў цягалі ў Генеральную пракуратуру.  

РР: А што вам інкрымінавалі, як святару?

а. Леанід (Акаловіч): “Незаконное строительство»! Я, як святар, з вернікамі аднаўляў царкву… Няма ж такога нідзе ў законе! Такім чынам, мы цяпер паўпадпольная царква. Так і молімся.

РР: Беларусь – краіна шматканфесійная. Як складаюцца адносіны з каталікамі, уніятамі, пратэстантамі?

а. Леанід (Акаловіч): У нас добрыя адносіты з грэка-католікамі, з католікамі таксама. Мы спрабуем наладзіць адносіны і з Беларускай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату. Мы іх падштурхоўваем да беларусізацыі. Ужо само існаванне Беларускай праваслаўнай аўтакефаліі іх вымушае ў пэўнай ступені перахопліваць гэтую ініцыятыву. Кожная нацыянальная дзяржава мае права на сваю нацыянальную царкву.

РР: Сярод святароў Маскоўскага патрыярхату ёсць беларускія патрыёты?

а. Леанід (Акаловіч): Вядома ж, ёсць! З некаторымі мы кантактуем, некаторыя спрабуюць рабіць беларускую справу ў цэрквах. Але ж, на вялікі жаль, яны не маюць падтрымкі.

РР: Шмат якія беларускія святары былі засмучаныя прызначэннем новага экзарха з Расеі, мітрапаліта Паўла (Панамарова). Сярод нашых беларускіх святароў не было  годных?

а. Леанід (Акаловіч): Мы пратэставалі супраць гэтага прызначэння. Новы экзарх тады аб’явіў, што калі “нас”, а пад “намі” ён меў на ўвазе “расейцаў”, будзе даставаць Захад, то “мы адкруцім ім чарнобыльскі кранік”. Ён шмат чаго абяцаў. Ён абяцаў вывучыць беларускую мову, але так і не вывучыў. Ён аб’явіў на з’ездзе Менскай япархіі, што можна дазволіць нашай царкве пэўную самастойнасць. І толькі ён аб’явіў, бальшыня адразу заапдалавала. Я тады гаварыў – заўчасна радуемся… То была разведка: колькі ёсць сярод святароў прыхільнікаў беларусізацыі і што рабіць з імі? То потым новы экзарх адразу даў задні ход у гэтым пытанні, і ўсё павісла ў паветры.

Вернікі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы знаходзяцца ў Беларусі на паўлегальным становішчы. За-за межамі Беларусі існуе шэсць прыходаў БАПЦ: у Нью-Йорку і Хайленд-Парку (Злучаныя Штаты Амерыкі), у Манчэсцеры (Вялікабрытанія), у Таронта (Канада), а таксама ў Адэлаідзе і Мельбурне (Аўстралія).

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіву а. Леаніда (Акаловіча)