Малая Бераставіца: стогадовы будынак без гаспадара



У Малой Бераставіцы пры самай шашы, якая вядзе з Гародні да Вялікай Бераставіцы ў адным месцы знаходзіцца тры цікавыя будынкі. Злева на горцы ўзвышаецца белы касцёл Святога Антонія Падуанскага, справа царква Святога Дзмітрыя Салунскага 19 ст., а за ёй таксама з правага боку ўздоўж дарогі стаіць стары мураваны з цэглы будынак у некалькі паверхаў.

Архівы сведчаць, што ў 1866 г. пасля падаўлення паўстання царскія ўлады спачатку касцёл зачынілі, а потым перабудавалі ў праваслаўную царкву. Такім чынам у Малой Бераставіцы на той час дзеіла ажно дзве царквы. Мясцовае насельніцтва паступова пераходзіла ў праваслаўе. У выніку ўзнікла патрэба адкрыцця у мястэчку царкоўна-прыходскай школы.

Намаганнямі мясцовага бацюшкі і з дапамогай уладаў побач з цэрквамі ў 1908-1909 г.г. узвялі два будынкі. Адзін мураваны пад школу для хлопчыкаў, другі драўляны для навучання дзяўчынак. Наведвалі іх дзеці з усёй воласці. Вучэльні праіснавалі да першай сусветнай вайны і былі зачыненыя.

Пры паляках у 1921-ым касцёл быў вернуты каталікам, а пустуючыя памяшканні адной з царкоўных школ засялілі ксёндз Казімір Мацкевіч і касцёльны арганіст Эдуард Альфовік.

Пасля вайны ў 1947 годзе святар з арганістам выехалі ў Польшчу, а будынкі савецкія ўлады нацыяналізавалі. Потым тут размяшчаўся сельсавет,  іншыя дзяржаўныя ўстановы, а ў 70-80 гг. дзеіў вучэбна-вытворчы камбінат для школьнікаў усяго Бераставіцкага раёна.

Сёння захаваўся толькі мураваны дом, дзе некалі была царкоўная прыходская школа для хлопчыкаў. Але і ён знаходзіцца не ў лепшым стане – пустыя памяшканні з выбітымі вокнамі і выламанымі дзвярыма, на сценах вільгаць. Невядома, ці з’явіцца ў яго калі-небудзь сапраўдны гаспадар?

[Not a valid template]

Цэзары Хаецкі, Беларускае Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча