У Беластоку пакажуць сучаснае беларускае мастацтва
40 беларускіх мастакоў і 40 мастацкіх працаў. Беластоцкая галерэя “Арсенал” запрашае на вернісаж выставы “Збор. Cтварэнне архіва”.
Гэта першая спроба паказаць і сабраць у адным месцы яркія прыклады сучаснага беларускага мастацтва.
У Беластоку можна будзе пабачыць працы Андрэя Лянкевіча, Лявона Тарасевіча, Артура Клінава, Алеся Пушкіна, Сяргея Барбарэкі ды іншых.
“Беластоцкая выстава – гэта алфавіт сучаснага беларускага мастацтва”, – кажа куратар Сяргей Шабохін:
– Тут будзе вельмі шмат тэкстаў, якія апавядаюць пра тое, чаму былі абраныя гэтыя працы, чаму яны паказваюць гістарычныя кантэксты, а не культурныя. Глядач можа пазнаёміцца не толькі з гісторыяй астатніх дзесяцігоддзяў беларускага мастацтва, але і пазнаёміцца з гісторыяй культуры Беларусі ўвогуле. Вельмі шмат прац фіксуе такія трагічныя кантэксты, якія былі ў Беларусі – палітычныя, крызісныя сітуацыі.
Вернісаж выставы працаў сарака беларускіх мастакоў пачнецца ў галерэі “Арсенал” у пятніцу а 18-й гадзіне.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота fluidi.pl