БАТЭ зноў дорыць Беларусі Лігу чэмпіёнаў!



Пасля першага паядынку з бялградскім „Партызанам”, які выйграў БАТЭ 1:0, заданне беларускага чэмпіёна фармулявалася проста – не прайграць, альбо прайграць з розніцай у адзін мяч, забіўшы пры тым самым.

Першы тайм БАТЭ правёў досыць упэўнена, але да пэўнага часу змарнаваў шэраг перспектыўных сітуацый. Стала трывожна, калі на 15-й хвіліне чэмпіён Беларусі з-за траўмы страціў свайго капітана – Віталя Радзівонава. замест яго на поле выйшаў Мікалай Сігневіч. А на 25-й хвіліне цешыліся ўсе заўзятары БАТЭ. Міхаіл Гардзяйчук выйшаў сам на сам, але ня здолеў перайграць брамніка Жыўка Жыўкавіча. Балазе для БАТЭ вельмі спрытным на дабіванні стаўся Ігар Стасевіч, які змяніў адзін нуль на табло. Пасля гэтага барысаўцы сталі дзеіць на контратаках. Аднак галоў у першай палове гульні больш не здарылася.

БАТЭ добра пачаў і другі тайм, але ня змог завяршыць атаку Аляксандра Глеба па левым фланзе забітым мячом – Сігневіч трапіў у штангу. А на 59-й хвіліне Глеб, які ўмее шмат, яшчэ раз прадэманстраваў, што адпаведна забіваць па-ранейшаму няздольны. У цэлым жа БАТЭ выглядаў больш мабільным і класным клубам. Але на 75-й хвіліне прапусціў дастаткова недарэчны гол – 1:1. А ўжо на трэцяй даданай хвіліне БАТЭ быў пакараны за піжонства яшчэ адным прапушчаным голам і прымусіў нават крыху пахвалявацца. У выніку прыкрая параза БАТЭ 1:2, але пяты выхад у галоўны клубны футбольны турнір кантыненту.

Выйсці ў групу Лігі чэмпіёнаў не так проста. З нашых суседзяў каманды Літвы і Латвіі ніколі не набліжаліся да гэтай стадыі. А чэмпіёны Польшчы ўжо 19 гадоў ня могуць туды прабіцца.

У асноўны раўнд Лігі чэмпіёнаў выйшаў таксама брытанскі „Манчэстэр юнайтэд”, які разграміў у гасцях „Бруге” – 4:0. Хет-трыкам тут вызначыўся Уэйн Руні.

Леверкузенскі „Баер” дастаткова ўпэўнена адыграўся ў матчы з рымскім „Лацыё” – 3:0. Нямецкі клуб таксама выйшаў у галоўны турнір.

У Маскве ЦСКА прымаў партугальскі „Спортынг”. Спярша небарака галкіпер Ігар Акінфееў прапусціў у сваім 31-ым матчы Лгі чэмпіёнаў запар. Пасля гэтага Сейду Думбія забіў рукой і мяч быў залічаны.  У выніку ж ЦСКА выйграў 3:1 і прайшоў далей.

Упершыню прабілася ў групу Лігі чэмпіёнаў казахстанская „Астана”, якая ў выніку гасцявой нічыі 1:1 выбіла больш рэйтынгавы кіпрскі АПАЭЛ.

Беларускае Радыё Рацыя