Лукашэнка: Не бегайце вы па гэтых абменніках



У Беларусі курс нацыянальнай валюты штучна стрымлівацца не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 27 жніўня Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне.

Аляксандр Лукашэнка

„Мы не будзем штучна стрымліваць курс нацыянальнай валюты ў адносінах да іншых валют. І мы гэтага не робім. Калі мы пачнем яго стрымліваць і неяк спрабаваць гэтым стрымаць інфляцыю, дапамагчы чамусьці (не тыя часы), мы зноў прыйдзем да таго, што разава давядзецца на 30% дэвальваваць валюту”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ён падкрэсліў, што з гэтай прычыны ў краіне прытрымліваюцца курсу, які плавае. „Тое, што зрабілі цяпер Казахстан і Расея, мы гэта зрабілі раней, каб не спаліць золатавалютныя рэзервы. Балазе трошкі золата даражэе, у нас яго, напэўна, тон пад трыццаць, — адзначыў Лукашэнка. — Таму мы прытрымліваемся курсу, які плавае, каб прайсці гэтыя цяжкія часы”.

Разам з тым ён звярнуў увагу, што ў цяперашняй сітуацыі нельга стрымліваць цэны. „Мы пазіраем на цэны, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Калі пачнем трымаць, сыдуць тавары з рынку. Так. Ёсць нейкая валатыльнасць, рух. Я вам клянуся, што мы нічога не робім, каб стрымліваць, ці узмацняць, ці аслабляць нацыянальную валюту. Будзе больш валюты — будзе ніжэйшы курс, будзе высокі попыт, валюты не будзе — вы ведаеце, што будзе”. Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта з гэтай прычыны ён патрабуе нарошчваць экспарт для прытоку ў краіну валюты.

„Нам трэба прайсці гэты год нармальна. Паглядзім, што будзе ў канцы года, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Упэўнены, у наступным годзе мы пачнем выкарасквацца з гэтага становішча, хоць мы не абваліліся так, як іншыя”. Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праблемы, аднак няма абвалу: „Вы бачыце, наш найбліжэйшы партнёр Казахстан, па-мойму, ужо трэці раз за апошнія два гады абваліў, разава дэвальваваў сваю валюту. І гэта краіна, якая сядзіць на карысных выкапнях. Вы бачыце, што адбываецца ў Расеі: за апошнія два гады тры разы абвалілася валюта і, здавалася б, канца-краю няма, але пайшла нейкая стабілізацыя”.

Лукашэнка прапанаваў беларусам устрымлівацца ад імпарту і не скупляць валюту. „Давайце пажывем на сваім, што ў нашых магазінах ёсць, і адпачнем гэтыя гады ў сябе ў Беларусі. Не будзем вывозіць валюту”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. „Не бегайце вы па гэтых абменніках. Вы ствараеце лішнія праблемы. Шчыра кажу, калі раней мяне проста трэсла, калі я бачыў змены курсаў валют, сёння мяне больш хвалюе іншае — утрымацца б, не дэстабілізаваць становішча ў краіне”, — адзначыў Лукашэнка. „У свеце ідзе вайна. Урэшце, хоць гэтая бяда нас не закранула”, — дапоўніў ён.

Апошнія некалькі тыдняў беларуская нацыянальная валюта імкліва абясцэньваецца — за месяц долар падаражэў у Беларусі прыкладна на 20%. Асноўная прычына гэтага звязаная з падзеннем рубля расійскага, адзначаюць эксперты. У сваю чаргу дэвальвацыя расійскага рубля адбываецца з-за падзення цэн на нафту.

На мінулым тыдні Нацыянальны банк Беларусі заявіў, што курс беларускага рубля, які плавае і складваецца як рэакцыя на знешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць эканомікі і дзелавую актыўнасць.

belapan.by