Беларускія прадукты па-ранейшаму папулярныя ва Украіне
Беларускія прадукты па-ранейшаму надзвычай папулярныя ва Украіне. У Чарнігаве, памежным з Беларуссю, крамы з шыльдамі “Беларускія прадукты” ці “Беларускія каўбасы” ёсць ці не ў кожным квартале. Нягледзячы на тое, што і нашая вяндліна, і нашыя малочныя прадукты каштуюць крыху больш за ўкраінскія, на іх ёсць сталы попыт. Але ці не самае папулярнае – штучнае дзіцачае харчаванне “Белакт” і згучшанае малако Рагачоўскай вытворчасці.
У чым сакрэт папулярнасці прадукцыі беларускіх аграрыяў?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война распытаў украінцаў.
РР: Чаму ва Украіне так папулярныя беларускія прадукты?
Аляксандр, праграміст: Прадукт якасны, лепшы за наш. Але цяпер сітуацыя змянілася значна, і кошты прыблізна такія ж, як і ў нас. Але ж так: якасць, ДАСТы. Мяса ў вас выдатнае, малочная прадукцыя…
РР: Вы гандлюеце штучным дзіцячым харчаваннем “Белакт”. Чаму ён такі папулярны?
Ліда, прадавачка на чарнігаўскім “Хітрынку”: На сённяшні дзень альтэрнатывы беларускаму дзіцячаму харчаванню няма. Украінскае харчаванне таннейшае, але дае алергію. Нямецкае харчаванне даражэйшае, але не ўсім падыходзіць. А “Белакт” – самае тое.
РР: Вы купляеце на рынку беларускія прадукты?
Галіна Сяргееўна, персіянерка: Не! Я бяру толькі нашы!
“Не пад мікрафон” пенсіянерка патлумачыла, што беларусія прадукты ёй падабаюцца, але занадта дорага каштуюць, на пакупку бракуе пенсіі.
Апошнім часам з прычыны дэвальвацыі грыўні, украінскія бізнесоўцы змушаныя значна зменшыць закупку сельгаспрадукцыі ў Беларусі.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя