У Гародні ствараецца грамадскае аб’яднане “Матулін рух 328”



Бацькі асуджаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў” аб’ядноўваюцца дзеля абароны сваіх дзяцей, многія з якіх трапілі за краты паводле сфабрыкаваных супрацоўнікамі міліцыі справаў.

На думку адной з ініцыятарак стварэння грамадскага аб’яднання гарадзенкі Ларысы Жыхар, улады павінны змяніць стаўленне да моладзі, якая атрымлівае дзесяці – пятнаццацігадовыя тэрміны зняволення:

– Уніз галавой паклалі, каб ён чуў толькі галасы. Ён кажа: “Я не бачыў – хто. Я толькі бачыў – людзі ў форме. Сказалі так: калі пікнеш, зусім заб’ем. Запомні – не дажывеш”. І такая я мама не адна, і мой сын не адзіны. Менавіта так выбіваюцца «чистосердечные признания».

Устаноўчы сход па стварэнню грамадскага аб’яднання “Матулін рух 328” пройдзе ў Гародні ў бліжэйшыя выходныя.

Пасля яго правядзення дакументы на рэгістрацыю арганізацыі будуць накіраваныя ў адпаведныя ўладныя структуры. Бацькі асуджаных за распаўсюд і ўжыванне наркотыкаў не выключаюць, што грамадскае аб’яднанне з часам набудзе агульнарэспубліканскі статус.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня