На мяжы затрымалі першыя грузы з прадуктамі для Расеі



Першыя дні расейскіх санкцый не толькі выклікалі спрэчкі пра іх эфектыўнасць, але і прымусілі людзей шукаць аператыўныя рашэнні. Напрыклад, чым будзе харчавацца Калінінград, або што рабіць з забітымі пад завязку ежай машынамі і караблямі, якія рухаюцца ў расейскім напрамку да таго, як на паперы з указам з’явіўся аўтограф Уладзіміра Пуціна?

sunkvezimiai-krovininis-transportas-vezimas-vezejai-vilkikai-vilkikas-62312177

Пасля таго, як Расея ўвяла забарону на ўвоз сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі з Еўразвяза, ЗША ды іншых краін, на літоўска-беларускай і латвійска-эстонскай мяжы затрымалі першых літоўскіх перавозчыкаў, паведамляе партал delfi.lt са спасылкай на кіраўніка Літоўскай харчова-ветэрынарнай службы.

Кіраўнік службы Ёнас Мільс сказаў, што аўтамабілі з мясной і малочнай прадукцыяй ужо не могуць перасекчы мяжу.

„Некаторыя машыны спыненыя ля мяжы, паколькі яны выехалі да забароны. Мы б хацелі, каб яны яшчэ выехалі, паколькі яны выехалі да эмбарга і былі ў чарзе”, – сказаў журналістам кіраўнік службы Ёнас Мілюс.

Аднак дамовіцца, падобна, не ўдалося. У Мядзінінкай, ля мяжы з Беларуссю, не прапусцілі дзве машыны з мясной прадукцыяй, чатыры машыны спынілі эстонскія памежнікі.

Міністр эканомікі Літвы Эвальдас Густас сцвярджае, што калі забарона Расеі на ўвоз літоўскіх тавараў зацягнецца надоўга, то рост унутранага валавага прадукту ў Літве можа страціць 0,2  працэнта.

„Калі глядзець на тэндэнцыі экспарту, бізнес сапраўды нечаму навучыўся. За пяць месяцаў экспарт прадуктаў жывёльнага паходжання ў Расею знізіўся на 11,2%, гатовых прадуктаў харчавання – на 11,3%,” – сказаў міністр.

Тым часам беларускія вытворцы пакуль працуюць у звычайным рэжыме. Вось як пракаментаваў сітуацыю адзін з найбуйнейшых малочных імпарцёраў – магілёўская „Бабуліна крынка”:

– Аўрал? Ды не. Працуем як і ўчора. Ніякай лавіны дадатковых заявак ад расейскіх партнёраў мы пакуль не атрымлівалі. У звыклым аб’ёме пастаўляем прадукцыю як на экспарт, так і на ўнутраны рынак.

Расея 7 жніўня паведаміла пра ўвядзенне эмбарга на імпарт харчовых тавараў з ЕЗ, ЗША ды іншых заходніх краін тэрмінам на адзін год, гэта быў яе адказ на жорсткія санкцыі Захаду ў дачыненні да Расеі за распальванне канфлікту ва Украіне.