“Збярэм школьны ранец разам” – традыцыйная акцыя ў Берасці



“Збярэм школьны ранец разам” – такую традыцыйную акцыю ладзяць у Берасці прадстаўнікі Беларускага дзіцячага фонду.

У некалькіх цэнтральных гандлёвых кропках гораду былі ўсталяваныя скарбонкі.

Актывісты збіраюць сродкі на школьныя прыналежнасці, вопратку, спартовую форму ды іншыя рэчы.

„Прадстаўнікі фонду развозяць іх у сямейныя дамы дзіцячага тыпу, а таксама ў малазабяспечаныя і шматдзетныя сем’і”, – пра гэта распавяла старшыня берасцейскага аддзялення БДФ Зоя Троцкая:

– Мы ўжо зрабілі падарункі для больш за 200 дзяцей з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і малазабяспечаных сем’яў Берасцейскай вобласці на суму большую за 68 мільёнаў рублёў. Акцыя яшчэ працягваецца, запрашаем усіх ахвотных далучацца!   

Акцыя ладзіцца да 15 верасня ўключна. Дапамагчы арганізацыі Беларускі дзіцячы фонд можна, як школьнымі  падарункамі, так і грашовымі пераводамі і ахвяраваннямі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце