У Гародні падсумавалі чарговы этап выбарчай кампаніі



У Гародні падведзеныя вынікі збору подпісаў за будучых кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. На адмысловых паседжаннях тэрытарыяльных выбарчых камісій Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада прызнаныя сапраўднымі подпісы трох патэнцыйных кандыдатаў – Таццяны Караткевіч, Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Гайдукевіча. Подпісы, якія здала ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі не прайшлі праверку і прызнаныя несапраўднымі.

rudkouskaja_swiatlana

Як зазначае прадстаўніца грамадскасці Святлана Рудкоўская (на фота), у Гародні праверка падпісных лістоў адбывалася за зачыненымі  дзвярыма без прысутнасці незалежных назіральнікаў:

– Наглядальнікі сядзяць за асобным сталом, бачаць толькі сябраў камісіі. Дакументаў мы таксама не бачым. Застаецца толькі давяраць сябрам камісіі: што яны агучваюць, тое я ўспрымаю і запісваю.

Ініцыятыўная група дзейнага прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі сабрала на Гарадзеншчыне 223 134 подпісы. Таццяну Караткевіч падтрымала 5 766 выбарцаў і Сяргея Гайдукевіча адпаведна 7 479. Ініцыятыўныя групы Сяргея Калякіна, Анатоля Лябедзькі, Жанны Раманоўскай і Мікалая Улаховіча падпісныя лісты ў выбарчыя камісіі не здавалі.

На Гарадзеншчыне большасць месцаў у складзе ўчастковых камісій па выбарах прэзідэнта занялі жанчыны.  Сярод 8 164 чалавек іх колькасць перавысіла 70% і склала 5 809. Асноўная частка жанчын, сябраў выбарчых камісій, гэта – настаўніцы і выкладчыцы навучальных установаў. У абсалютнай большасці  вылучэнцы – прадстаўнікі прадзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, такіх як БРСМ і “Белая Русь”.

jurgel_raman

Апазіцыйныя палітычныя партыі і пазаўрадавыя арганізацыі маюць у камісіях Гарадзеншчыны мінімальнае прадстаўніцтва –  у шасцісот дзевяноста двух  участковых камісіях па выбарах прэзідэнта будзе толькі адзін сябра грамадскага аб’яднання “БНФ Адраджэнне”, што па словах праваабаронцы Рамана Юргеля (на фота) сведчыць пра закрытасць выбарчага працэса:

– Адзін чалавек, як кажуць, у полі не воін. Што адзін прадстаўнік ад дэмсіл там можа зрабіць? Гэтае ўключэнне – паказчык для Захаду, што вось мы ўсё ж такі дапусцілі апазіцыйных прадстаўнікоў у камісіі.

Незалежныя назіральнікі адзначаюць, што адсутнасць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці ва ўчастковых выбарчых камісіях з’яўляецца сведчаннем таго, што на Гарадзеншчыне прэзідэнцкія выбары чарговы раз будуць сфальсіфікаваныя. Традыцыйна да падліку галасоў будуць дапушчаныя выключна людзі з праўладных структур.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня