На Гарадзеншчыне большасць забойстваў здзяйсняюць нецвярозыя
Начальнік Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі на сустрэчы з журналістамі заявіў, што ў вобласці пражывае больш за 25,5 тысяч алкаголікаў.
Гэтая лічба супастаўная з насельніцтвам Дзятлаўскага раёна. Пры гэтым больш за 94% усіх забойстваў у вобласці здзяйсняецца пад уплывам алкаголю. Нягледзячы на гэта, улады прынялі рашэнне адмяніць забарону на продаж спіртнога ў начны час:
– Мы лічылі, што напэўна дзяржаве трэба гэта рэгуляваць. На ўзроўні дзяржавы нас паправілі і сказалі, што хлопцы, будзе вось так. Павінна быць даступна і людзі павінны мець магчымасць усё гэта набываць ва ўстаноўленым парадку пад тыя дзяржаўныя гарантыі, якія сёння дзяржава вызначае і дае. Мы прымаем і будзем гэта рабіць.
Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што рашэнне пра адмену забароны начной рэалізацыі алкаголю міліцыяй прынята да выканання і яно не абмяркоўваецца, паведамляецца на сайце Упраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама. Аналагічныя рашэнні прынятыя і ў іншых рэгіёнах Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота grodnonews.by