Свята вёскі пачалося з пажару



У суботу, 29 жніўня, жыхары вёскі Шылавічы Слонімскага раёна адзначылі Свята сваёй роднай вёскі, якой сёлета спаўняецца 444 гады. За пятнаццаць хвілін да свята ў канцы вёскі з паўднёвага боку загарэлася сухая трава. Пажар імгненна ахапіў дзесяткі метраў і агонь пачаў падступаць да вясковых хат. Прыехалі пажарнікі і пачалі тушыць пажар. А дзесяткі вясковых мужыкоў стаялі і глядзелі, як тыя змагаюцца з агнём. Ніхто, як кажуць і пальцам не паварушыў, каб дапамагчы тушыць агонь.

А ў цэнтры вёскі вяскоўцы распачалі мерапрыемства. Выступоўцы распавядалі пра вёску і яе гісторыю, пра сённяшнія будні вясковага жыцця. Дарэчы, цяпер у Шылавічах пражываюць каля 700 чалавек. Вёска мае вялікую гісторыю. Недалёка ад яе знаходзяцца гарадзішча (канец 1-га тысячагоддзя да н. э. — пачатак н. э.), селішча (6-4-е тысячагоддзі да н. э.), стаянкі (4-3-е тысячагодзьдзі да н. э.). Гэтыя знакавая мясціны трапілі ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. У вёсцы дзейнічае царква Казанскай іконы Божай маці (першая палова XIX ст.), захаваўся будынак былога спіртавага завода Пуслоўскіх (пачатак XX ст.). У Шылавічах нарадзіўся вядомы беларускі гісторык і архівіст Віталь Скалабан (1947-2011).

Падчас свята са сцэны гучалі беларускія песні пра вёску, вершы і выступленні хлебаробаў. Цешыў вяскоўцаў мясцовы жаночы ансамбль “Сузор’е”.

[Not a valid template]

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара