Ігар Чаркашын: Брат не хацеў, каб мы хваляваліся (абноўлена)



Сям’я і паплечнікі Алеся Чаркашына рыхтуюць цырымонію развітання і чакаюць труну з целам у родным Берасці. У сям’і Чаркашына, добраахвотніка, які загінуў на ўсходзе Украіны, да апошняга моманту не ведалі пра тое, што ён ваюе.

3CE3B30D-9B77-4258-A584-C5F3CAF9EB92_mw1024_s_n-833x400

Алесь Чаркашын (Фота svaboda.org)

Алесь да апошняга моманту не хацеў “падстаўляць” ні родных, ні паплечнікаў, таму не афішаваў свайго ўдзелу ў добраахвотніцкім руху. Апошнія размовы з байцом узгадвае яго родны брат Ігар:

– Апошні раз я яго бачыў у лютым-сакавіку, калі ён прыязджаў. Ён заўсёды быў пазітыўным, заўсёды ўсміхаўся. Пастаянна выходзіў на сувязь, казаў, што ў яго ўсё добра, каб мы не хваляваліся. Апошні раз выходзіў у скайп 8 ліпеня і пакінуў запіс: “Не хвалюйцеся, усё будзе добра!”

Гэта быў рэальны ўдар, не толькі для мяне, але і для бацькоў таксама, бо мы ўсе думалі, што ён знаходзіцца там выключна як прапаведнік, – зазначае Ігар Чаркашын. Сапраўды, Алесь вучыўся на аднім з багаслоўскіх факультэтаў і наведваў пратэстанцкую царкву, заўсёды меў пры сабе Біблію. Яго я не асуджаю, гэта выбар яго быў, з верай, я бачу ў гэтым нешта існае, – кажа брат.

11947432_467911373369851_860228216548429861_n

Байцы „Правага сектара” развітваюцца з беларусам Алесем Чаркашыным (Фота Антося Цялежнікава)

Сябры Алеся Чаркашына, якія ўваходзяць у імправізаваны аргкамітэт па арганізацыі развітальнай цырымоніі і пахавання загінулага на усходзе Украіны добраахвотніка з Берасця, пакуль не могуць даць пэўнай інфармацыі пра дату, час і месца пахавання.

Падрабязней пра прычыны кажа Зміцер Шурхай, паплечнік Алеся:

– На дадзены момант цела нашага сябра пакуль знаходзіцца ў Запарожжы – у месцы, дзе ён памёр. Панядзелак працоўны дзень, таму з раніцы будуць вырашаць пытанні з дакументамі, але спадзяемся, што ў панядзелак машына з нашым сябрам вырушыць у бок Радзімы.

На цяперашні момант з дзясятак людзей у шчыльнай сувязі са сваякамі рыхтуюць належныя мерапрыемствы з нагоды смерці Алеся Чаркашына. Між сяброў, знаёмых і незнаёмых асобаў ужо пачаўся збор сродкаў на годнае ўшанаванне беларускага добраахвотніка.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце