Іёў у ватоўцы
Апошнім часам у расейскіх непадцэнзурных ( пакуль што ) СМІ з’явілася шмат тэкстаў, аўтары якіх прарочаць хуткі і непазбежны крах пуцінскага рэжыму. Тэрміны розняцца — хто дае яму часу гады са два, некаторыя пішуць пра месяцы, або нават тыдні. Найбольш яркі тэкст на гэту тэму належыць Уладзіміру Якаўлеву, заснавальніку выдання „Коммерсантъ”. Ён піша, што інтуіцыя, якая яго дагэтуль ніколі не падводзіла, падказвае яму: у Расеі ў бліжэйшы час адбудзецца змена ўлады, наступствам якой будуць нечуваныя беды. Таму кожны, хто толькі можа, павінен забіраць дзяцей і ўцякаць з Расеі прынамсі на пару месяцаў, а, магчыма, і на больш працяглы тэрмін.
Было б верхам саманадзейнасці ці наіўнасці, жывучы па-за межамі Расеі, спрабаваць прадказваць яе лёс. Тым не меньш, нельга аб гэтым не задумвацца, — а як жа іначай, калі падзеі ў Беларусі непасрэдна залежаць ад таго, што адбываецца за ўсходняй мяжой. Ды што там Беларусі — усяго свету, і такая думка не будзе пеабольшваннем.
Асабіста мне здаецца, што аўтары трывожна – панічных тэкстаў не ўлічваюць аднаго з галоўных фактараў — выніку тысячагадовай селекцыі расейскага народу, якая і спарадзіла той чалавечы матэрыял, што засяляе цяпер бязмежныя прасторы гэтай краіны. Татара-мангольскія ханы, уласныя князі і цары, імператары і генсекі, апрычнікі, жандары і энкавэдзісты вылепілі пароду ідэальных халопаў, якім патрэбна нямногае — „шчы”, кавалак хлеба, гарэлка, ды ватоўка з кірзовымі ботамі. Галоўнае ж — усведамленне велічы і магутнасці ўласнага пана, г.зн. „Державы”. Яшчэ Пушкін у аповесці „Дуброўскі” апісваў, як прыгонныя ганарыліся сваім панам Траекуравым, тыранам і самадурам.
Вядома ж, бывалі і бунты, „бессмысленные и беспощадные”. Але для пугачоўскага бунту патрэбен Пугачоў. Сучасныя тыраны зрабілі для сябе адпаведныя высновы з гісторыі.І заўчасу вышморгваюць, бы моркаўку з градкі, любога патэнцыйнага „смутьяна”.Так у Расеі атрымліваюць шматгадовыя тэрміны зняволення тыя, хто адважыўся кінуць у амонаўца цытрынай ці пустой пластыкавай бутэлькай. Так быў забіты Барыс Нямцоў. Так у Беларусі бясследна зніклі апазіцыйныя дзеячы. А зусім нядаўна расейскі суд прызначыў кінарэжысёру Алегу Сянцову 20 (дваццаць!) гадоў турмы усяго толькі за недаказаны намер узарваць помнік Леніну…
І маса сядзіць ціха. Узгадваецца біблейскі аповед пра Іёва. Кніга Іёва змяшчае галоўную ідэю ўсіх рэлігій — чалавек ёсць нэндзны чарвяк, марнасць, нікчэмны раб, поўную ўладу над якім мае Вялікі Нябесны Ўладар. Раб павінен з удзячнасцю прымаць усё, што зсылаецца зверху, любы капрыз, любы здзек. І, калі не будзе рыпацца, вытрымае ўсё, не прагнявіць нябеснага Начальніка, дык той,у бясконцай дабрыні сваёй, можа шчодра ўзнагародзіць свайго смерда.
У Расеі ж і зямныя начальнікі роўныя Госпаду. Нездарма ж яны прызначылі сваім галоўным (роўнаапостальным!) святым садыста, сексуальнага маньяка і гвалтаўніка князя Ўладзіміра. І расейцы цярпліва зносяць усе выпрабаванні, якія зсылае ім крамлёўскае Боства. Развязала Боства вайну з сапраўды братэрскім народам, забараніўшы нават аплакваць тых, хто загінуў у гэтай бойні, — добра. Ліквідавала ўсе і ўсялякія выбары — перажывём. Нахабна і дэманстратыўна знішчае розную замежную смакату, якой большасць ніколі не паспрабуе — і правільна! Крамлёўская чэлядзь бессаромна дэманструе свае багацці, віллы, яхты, гадзіннікі коштам у добры асабняк — што ж, яны заслужылі…
Андрэй Макарэвіч, адзін з нямногіх у Расеі, хто захаваў розум, гонар і годнасць, прыпячатаў гэту масу коратка і трапна — „глісты”. І паверыць, што гэтыя глісты паўстануць супраць свайго гаспадара — немагчыма. Зрэшты, даўно пара адкінуць марксістоўскія трызненні аб тым, што „масы твораць гісторыю”. Гэта ўсё роўна, як сцвярджаць, быццам канал выкапаны экскаватарам, не звяртаючы ўвагі на таго, хто сядзеў у кабіне. Масы — толькі інструмент, якім карыстаецца эліта, пасіянарыі.
На жаль, і ў Расеі, і ў Беларусі такіх вельмі мала. З’явіцца дастатковая колькасць — будуць і перамены. Біблейскага Іёва ніхто не пытаўся, якога лёсу ён хацеў бы для сябе. Ніхто не будзе пытаць і расейскага. Таму найбольш рэальная перспектыва для Расеі, а, на жаль, і для Беларусі — маруднае, паступовае гніенне і разлажэнне.
Як жа хацелася б памыліцца ў такім сумным прагнозе…