Пратэст ва Украіне: 141 паранены і 3 забітыя



Спроба “Блока Пятра Парашэнкі” ўнесці канстытуцыйныя змены ў Вярхоўнай Радзе, якія тычацца дэцэнтралізацыі, былі прынятыя ў штыхі ўкраінскімі палітычнымі сіламі самага рознага кірунку. У выніку шматлікія пратэставальнікі выйшлі на вуліцы. Каля Вярхоўнай Рады адбыўся сапраўдны закалот. У выніку 141 чалавек паранены, 3 забітыя.

11949441_973477816046285_3146174903048117681_n

Ці толькі канстытуцыйныя змены сталі прычынай гэтых пратэстаў? А, можа, існуюць і нейкія аб’ектыўныя прычыны незадаволенасці ўкраінцаў сённяшняй уладай? Які мажлівы сцэнар далейшага развіцця падзеяў і ў сталіцы, і ва ўсёй Украіне?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з відавочцамі спробы штурму Вярхоўнай Рады, старшынём Руху салідарнасці “Разам” Вячаславам Сіўчыкам і актывістам гэтага Руху Алегам Аўчыннікавым.

РР: Што стала прычынай такіх брутальных падзеяў?

Вячаслаў Сіўчык: Вярхоўная Рада прымала змены ў Канстытуцыі, якія тычацца дэцэнтралізацыі краіны. Пасля галасавання пачаліся жортскія сутычкі.

РР: Якія палітычныя сілы арганізавалі мітынг?

Вячаслаў Сіўчык: Мітынг арганізавала ВА “Свабода”. Але ж я не ўпэўнены, што яны планавалі менавіта такі сцэнар падзеяў. У міліцыянтаў кінулі баявую гранату. Як мінімум, адну. Каля сотні чалавек атрымалі паранення.

РР: Хто адказны за тое, што адбылося ў Кіеве?

Вячаслаў Сіўчык: Не ведаю, хто возьме на сябе адказнасць за ўсё, што адбылося сёння пад сценамі Вярхоўнай Рады. Ва ўсякім разе я, як беларускі дзеяч, магу толькі выказаць спачуванні тым ахвярам. Вядома ж, усё гэта вельмі жахліва.

РР: Змены ў Канстытуцыі сталі фармальнай нагодай для пратэстаў? Ёсць нейкія аб’ектыўныя прычыны?

Вячаслаў Сіўчык: Так, ёсць аб’ектыўная глеба для такой незадаволенасці. Па-першае, гэта тлумачыцца і нізкім узроўнем жыцця людзей ва Украіне, і тым, што шмат якія патрыятычныя сілы незадаволеныя тымі зменамі ў Канстытуцыі, якія навазвае Масква.

РР: То бок гэта, у пэўнае ступені – стыхійны бунт?

Алег Аўчыннікаў: Так, стыхійны бунт.

РР: Якія далейшыя перспектывы развіцця падзеяў у Кіеве, на ваш погляд, магчымыя?

Алег Аўчыннікаў: Хутчэй за ўсё, міліцыя будзе праглядзаць усе відэазапісы, вылучаць актывістаў, а таксама тых, каго справакавалі. Далей пачнуць усіх адлаўліваць. І, натуральна, з’явяцца новыя палітвязні ва Украіне.

РР: Гэта будуць менавіта палітычныя зняволеныя ці людзі, якія здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні супраць праваахоўнікаў?

Алег Аўчыннікаў: Могуць быць дзве катэгорыі: тыя, хто сапраўды рабіў супрацьпраўныя дзеянні, і тыя, хто выпадкова патрапіў у аб’ектыў відэакамер. Апошняга будзе дастаткова.

РР: Падобныя падзеі могуць быць выкарастаныя ворагамі Украіны?

Вячаслаў Сіўчык: Дай Бог, каб не лілася кроў, каб ўсё гэта перайшло ў палітычныя перамовы, а не ў супрацьстаянне. У гэтым самая вялікая праблема. Сутычкі ў Кіеве – гэта страшна, таму што гэта шлях да грамадзянскай вайны.

Гвалт пад Вярхоўнай Радай аднагалосна асудзілі і ў Еўразвязе, і ў Злучаных Штатах. Прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк ужо ініцыяваў стварэнне аператыўна-следчай групы для высвятлення ўсяго, што тычыцца гэтых крывавых сутыкненняў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя