Пенсіі выраслі на 5%



a98697edb0f2e79821e930263a595ac0Працоўныя пенсіі ў Беларусі 1 верасня выраслі ў сярэднім на 5%. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў яшчэ 13 жніўня. Як паведамляла яго прэс-служба, «дакументам прадугледжваецца зрабіць з 1 верасня карэкціроўку фактычнага заробку пенсіянераў і пераразлік працоўных пенсій».

Як раней паведамляў БелаПАН, на нарадзе па пытаннях сацыяльнага забеспячэння 24 ліпеня Лукашэнка даручыў знайсці магчымасць для павышэння пенсій на 5% з 1 верасня. Міністр працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна з гэтай нагоды адзначыла: так як тэмпы росту зарплаты ў краіне ўвязаныя з прадукцыйнасцю працы, адпаведна і паступленні ў фонд сацыяльнай абароны ідуць павольней і ў больш нізкіх памерах, чым планавалася пры фармаванні бюджэту на 2015 год. Разам з тым, дадала яна, на працягу паўгода пенсіі не пераразлічваліся. Зніжэнне рэальнай пенсіі назіраецца з пачатку гэтага года. У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў ліпені на ўліку стаяла больш за 2,5 мільёны пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 2 мільёны 660 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя