У Берасці развіталіся з Алесем Чаркашыным
У Берасці развіталіся з Алесем Чаркашыным, які загінуў на Данбасе. Развітанне адбывалася ў двары дома 37 на вуліцы 28 ліпеня, дзе жыў Алесь.
[Not a valid template]
[youtube id=”8iHtzpLuUdA”]
Цела Алеся Чаркашына з Украіны даставілі ўночы. У двары дома, дзе жыў Алесь, сабраліся каля 150 чалавек.
Сярод прысутных бацькі, паплечнікі ды актывісты: Павел і Таццяна Севярынец, Мікола Дземідзенка, Зміцер Дашкевіч, Андрэй Кім, Ганна Шапуцька, маладафронтавец Мікола Дземідзенка:
– Салідарнасць ёсць. Многія людзі, палітычна больш заангажаваныя, нейкія лідары, магчыма, імкнуцца трохі адмежавацца ад тэмы вайны і ўдзелу ў ёй беларусаў. Але што тычыцца простых патрыётаў, то смерць патрыёта-беларуса абудзіла іх. Я бачу салідарнасць не проста ў словах, але і ў справах. Людзі здаюць грошы. Думаю, мы здолеем на годным узроўні правесці пахаванне Алеся ў Беларусі.
На развітанні прысутнічаў і наш карэспандэнт Мікола Ляшкевіч:
– Стварылася імправізаваная калона, у якой хлопцы нясуць труну з памерлым. Спачатку прайшла жалобная цырымонія, потым выступілі прадстаўнікі пратэстанцкай царквы, а падчас невялікай грамадзянскай паніхіды-развітання людзі маглі ўскласці кветкі. Труну пакрылі бел-чырвона-белым і жоўта-блакітным сцягамі. На жаль ва ўкраінскім консульстве паведамілі, што не змогуць сёння прыбыць, таму з украінцаў былі толькі тыя людзі, якія суправаджалі цела.
Калона з 25-ці машын суправаджала жалобную працэсію пахавання Алеся Чаркашына. Развітацца з ім прыехаў сустаршыня стваранай партыі БХД Павел Севярынец. Ён пацвердзіў, што ніхто з украінскіх дыпламатаў на пахаванне не прыйшоў:
– Людзей было каля 200 чалавек, наколькі я бачыў. Прадстаўнікі царквы казалі развітальныя словы, а ўкраінцы, якія яго прывезлі, пелі „Магутны Божа”. Бел-чырвона-белыя сцягі былі, хрысціянскія гімны спявалі. Мы па-людску развіталіся. Выходзіла шмат людзей з двара, то бок там я думаю з 200 чалавек было. Дзясяткі людзей проста падышлі з навакольных двароў, з вокнаў людзі глядзелі.
Алесь Чаркашын меў пазыўны „Тарас”. Ён быў медыкам, прайшоў адмысловую падрыхтоўку і паехаў дапамагаць параненым у зону АТА. Больш як паўгода быў у складзе добраахвотніцкага батальёна „Правага сектару”, а пазней стаў капеланам у складзе тактычнай групы „Беларусь”.
Алеся пахаваюць на могілках у вёсцы Камяніцы-Жыравецкай.
[youtube id=”CiMgl1S4_EA”]
* * *
Сёння адбудзецца пахаванне беларуса, які загінуў на Данбасе. Труна з целам Алеся Чаркашына а палове на чацвёртую была на Радзіме, а ўжо ў пяць гадзін раніцы ў родным Берасці. Пра тое, якія ўражанні пакінуў Алесь сярод украінцаў, распавядае ягоная класная кіраўніца ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце Таццяна:
– Вельмі шмат было людзей. Увесь медперсанал, добраахвотнікі, якія дапамагалі, – усе плакалі. Яны пазнаёміліся з ім, калі той быў ужо паранены. Ён іх вельмі ўразіў, таму яны ўсё рабілі для яго. Ён карыстаўся папулярнасцю. Яго палюбілі. Мы паглядзелі, дзе ён жыў і як. Было шмат водгукаў. Усю дарогу нас суправаджалі яго сябры.
Па беларускім баку мяжы загінулага ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі ва Украіне байца суправаджала шэсць аўтамабіляў. У іх знаходзіліся ўкраінскія сябры Алеся Чаркашына, брат Ігар ды паплечнікі з розных гарадоў Беларусі.
[youtube id=”aNp2Ixjwif8″]
* * *
Стаў вядомы расклад жалобных мерапрыемстваў пахавання 33-гадовага Алеся Чаркашына – беларускага байца, які загінуў на на ўсходзе Украіны падчас правядзення АТА.
Па словах адной з арганізатараў развітання з Алесем Чаркашыным Паліны Пансюк, жалобная цырымонія адбудзецца а 12-й гадзіне ў двары дома, дзе жыў Алесь па вуліцы 28 ліпеня, 37 (за супермаркетам „Мікс”).
– Папярэдні расклад такі, калі раптам зноў нічога не зменіцца. Заўтра пахаванне, 3 верасня, пачатак жалобнай цырымоніі ў двары дома, дзе жыў Алесь. Там рэлігійная частка, грамадскае развітанне і а 14-й гадзіне плануецца ўжо само пахаванне на могілках Камяніца Жыравецкая – гэта непадалёк ад Берасця, мясцовыя могілкі.
Па наяўнай у Паліны Панасюк інфармацыі, цела Алеся Чаркашына, памерлага ў мінулую пятніцу ад атрыманых два з паловай тыдні раненняў, павінны сёння вывезці з Кіева на пахавальным катафалку, і ўжо ўвечары яго рыхтуюцца сустрэць у Берасці, каб заўтра адправіць у апошні шлях на мясцовых могілках.
* * *
На жалобныя мерапрыемствы з нагоды смерці Алеся Чаркашына ў Берасце пачалі прыязджаць персоны беларускай культуры. Ужо зараз у горадзе над Бугам знаходзіцца гомельскі бард Андрэй Мельнікаў:
–Даведаўся, што Чаркашын памёр, яшчэ як я быў ва Украіне. І пасля таго, як вярнуўся, даведаўся, што яго будуць хаваць у Берасці. Мы былі даўно з ім знаёмы, з 2000 года. І ён ведаў мяне лепш, чым я яго.
Андрэй Мельнікаў памятае Алеся Чаркашына як грамадскага актывіста і творцу. “Не ўсе зразумелі перформансу з акрываўленымі рукамі, але, мне здаецца, я ўцяміў ягоны сэнс. Можа, ён і не быў да канца прадуманы, але як мастацкі акт ён спрацаваў на нейкіх людзей у правільным кірунку,” – узгадаў пра грамадскія акцыі загінулага ва Украіне байца бард Андрэй Мельнікаў.
* * *
Катафалк з целам добраахвотніка з Беларусі Алеся Чаркашына пакінуў Днепрапятроўск.
Пра гэта аднаму з арганізатараў жалобных мерапрыемстваў у Берасці Змітру Шурхаю паведамілі ўкраінцы, якія суправаджаюць аўтамабіль з труной:
– Паводле дадзеных украінскіх крыніц, машына будзе спыняцца ў Кіеве. Пасля гэтага ў 14.00 паедзе далей. Таксама была сустрэча ва ўкраінскім консульстве, супрацоўнікі якога былі паінфармаваныя пра маючыя адбыцца мерапрыемствы.
Пакуль арганізатарам пахавання цяжка прагназаваць, калі дакладна катафалк і аўтамабіль суправаджэння пад’едуць да ўкраінска-беларускай мяжы, таму пытанне, праз які пераход яны будуць пераязджаць, застаецца адкрытым. Аднак сябры Алеся Чаркашына паабяцалі паведаміць інфармацыю, узгадніўшы маршрут з кіроўцам рэфрыжэратару, – зазначае Зміцер Шурхай.
* * *
Стаў вядомы прыкладны час анонсу жалобных мерапрыемстваў у Берасці, звязаных з пахаваннем добраахвотніка Алеся Чаркашына, які загінуў у зоне АТА ад раненняў, атрыманых у выніку абстрэлу прарасейскімі баевікамі. Падрабязней кажа сустаршыня аргкамітэта БХД і адзін з арганізатараў жалобных мерапрыемстваў Георгі Дзмітрук:
– Пакуль мала што вядома. На дадзены момант рыхтуемся да жалобных мерапрыемстаў. Каля 12 гадзіны мы плануем ужо агучыць дату і час пахавання. І спадзяёмся, што падзеі і абставіны не будуць у гэтым перашкодай.
Усе арганізацыйныя моманты, звязаныя з пахаваннем, карэктуюцца ў залежнасці ад таго, калі труна з целам Алеся Чаркашына перасячэ беларуска-ўкраінскую мяжу. Працэс ужо зацягнуўся на некалькі дзён, але сваякі ды паплечнікі байца спадзяюцца, што жалобныя мерапрыемствы пройдуць на годным узроўні.
* * *
Цела Алеся Чаркашына пакуль знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, у адным са шпіталёў Днепрапятроўска. Пра гэта нашаму радыё паведамілі ў пасольстве Беларусі ў Кіеве.
У той жа час пасольства ў поўным аб’ёме выканала ўсе свае абавязкі ў гэтай справе, зазначылі там, і абверглі інфармацыю шэрагу СМІ пра затрымку консульскіх працэдураў:
– Затрымак ніякіх няма, вам скажу адназначна, магчыма быў нейкі „сапсаваны тэлефон”. Пасольства прымае самы актыўны ўдзел у дадзеным працэсе, каб аказаць усю неабходную дапамогу сваякам памерлага нашага беларуса для транспарціроўкі. Пакуль сваякі па дапамогу ў пасольства не звярталіся хачу вам сказаць. Мы пастаянна кантактуем са шпіталём і думаю, што на працягу бліжэйшага часу мы ўжо даведаемся.
Алесь Чаркашын – беларус з Добраахвотнага ўкраінскага корпуса „Правы сектар”. Ён памёр у мінулую пятніцу ад раненняў, атрыманых у баі пад Старагнатаўкай на ўсходзе Украіны. Хлопец меў пазыўны „Тарас”, яму было ўсяго 33 гады. Вядома, што ва Украіне ён ваяваў ад пачатку зімы.
Бацькі Алеся жывуць у Берасці, яны хочуць пахаваць сына на радзіме. Дата пахавання пакуль невядомая.
Беларускае Радыё Рацыя