Выбарчая кампанія – не без кур’ёзу



Выбарчая кампанія ў Бярозаўскім раёне не абышлася без кур’ёзу. Адна пажылая бярозаўчанка, якая не знайшла свой пашпарт, падумала, што яго забрала зборшчыца подпісаў. Але жанчына не памятала, за каго ставіла свой  подпіс, і патэлефанавала ў раённы выканкам, каб дапамаглі высветліць ёй прозвішча зборшчыцы подпісаў. Зборшчыцай аказалася Таццяна Тарасевіч – сябра ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч. Бабуля  нават звярнулася ў міліцыю, кажа праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Цалкам не выключаю, што чалавек сталы ўжо, больш за 70 гадоў, насамрэч мог і згубіць пашпарт. Таму першае, што прыйшло да галавы, – гэта хто прыходзіў да яе, каму давала пашпарт. Магла быць такая сітуацыя. А больш нікога не ўспомніла. Таму вырашыла, што гэта магла быць зборшчыца подпісаў.

Таццяна Тарасевіч была здзіўлена прыездам  міліцыі. Яе завезлі да жанчыны. Былі панятыя, таксама ў яе ўзялі тлумачэнні. Хоць Таццяна ўпэўнена, што пашпарта не забірала, а калі б выпадкова гэта і атрымалася, то адразу б яго вярнула ўладальніцы. Дакумент пакуль не знайшоўся.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза