Бел-чырвона-белы сцяг – не забаронены!



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі патлумачыла „Арт Сядзібе” заканадаўчы статус бел-чырвона-белага сцяга.

сцяг

У адказе міністэрства адзначаецца, што ў цяперашні час бел-чырвона-белы сцяг заканадаўствам не вызначаецца ў якасці дзяржаўнага, палітычнага, гістарычнага ці іншага сімвала, адначасна не існуе ніякай афіцыйнай забароны на яго выкарыстанне.

Дырэктар „Арт Сядзібы” Павел Белавус дае ацэнку такому адказу з міністэрства:

З аднаго боку, добра, што міліцыя прызнае, што саджаць на суткі толькі на падставе таго, што чалавек трымае ці мае сцяг, не варта. Яны прызналі і напісалі пра гэта. Такая склалася сітуацыя, такая дзяржава, да гэтага прывыклі. І гэта сумна. Найбольш пазітыўныя словы, якія ёсць у гэтым адказе: сцяг не пад забаронай, ніводны заканадаўчы акт не забараняе яго. І надалей будзем тлумачыць людзям, каб не баяліся, што гэта гістарычная і культурная каштоўнасць. А калі для дзяржавы сцяг гэтым не з’яўляецца – то такая гэта і дзяржава…

Прыгадаем, што „Арт Сядзіба” накіравала зварот у Міністэрства ўнутраны спраў пасля таго, як у маладога чалавека перад фестывалем „Greenfest” знайшлі бел-чырвона-белыя сцягі і канфіскавалі іх. Пазней у краму symbal.by з праверкай прыйшоў участковы, каб разабрацца ў сітуацыі.

„Арт Сядзіба” прасіла адказаць на пытанне, ці з’яўляецца бел-чырвона-белы сцяг забароненым у Рэспубліцы Беларусь ды які ў яго статус.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя