Пінскія „Крыніцы” збіраюцца ў Варшаву



Палескія спевы зноў загучаць у Польшчы. Удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Крыніцы” з Піншчыны збіраюцца з творчым выездам пад Варшаву. Калектыў знаёмы з польскім слухачом, бо дагэтуль неаднаразова даводзілася выступаць перад гасцьмі з заходняй суседкі.

Мастацкі кіраўнік калектыву Ігар Няхайба адзначае, што замежных слухачоў прывабліваюць палескія песні:

– Сустрэчы ў нас адбываліся і з палякамі, і з немцамі. Аўстрыйцы былі. Іх вельмі цікавяць, вабяць нашыя палескія рэгіянальныя песні – такія мілагучныя, душэўныя. Яны з вялікай цікавасцю слухалі нас, некаторыя запісвалі сабе. І дзякавалі, ад шчырага сэрца.

У “Крыніцах” налічваецца 14 удзельнікаў, шасцёра з якіх з’яўляюцца носьбітамі фальклору. Рэпертуар складаецца са старажытных палескіх песняў і твораў беларускіх класікаў. У наступным годзе калектыў адзначыць свае 30-годдзе.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота media-polesye.by