Ці зможа Беларусь накарміць Расею замест Захаду?



У адказ на санкцыі, уведзеныя заходнімі краінамі ў дачыненні да Расеі, Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які забараняе ўвозіць шматлікія прадукты харчавання з краін Еўразвязу, ЗША, Нарвегіі ды Аўстраліі. У сваю чаргу Беларусь пацвердзіла гатовасць замяніць заходнія краіны ў пастаўках харчавання ў Расею. Што думаюць пра гэта менчукі? Апытанне правяло агентцва БелаПАН на вуліцах сталіцы:

– З аднаго боку нам адкрываюцца новыя рынкі збыту. Расея будзе ахвотней браць беларускія тавары. З другога боку – праз тэрыторыю Беларусі будуць увазіцца тыя ж самыя замежныя тавары, можа быць будзе мяняцца маркіроўка, і перапраўляцца ў Расею ў выглядзе беларускіх тавараў.

– Чым больш санкцый – тым больш ускладняюцца адносіны. У выніку можа пачацца трэцяя сусветная вайна.

– Каб адказаць на гадасць, трэба зрабіць таксама гадасць, але не для сябе.

– Ды даўно пара прыструніць Еўропу і тым больш Амерыку.

– Дзяржаве патрэбная валюта, і там, дзе мы можам зарабіць валюту, там мы і павінны яе зарабляць. Але ўсё ж такі хацелася, каб мы самі сябе не аб’ядалі ў дадзеным выпадку.

У той жа час Украіна рыхтуе свой пакет санкцый у дачыненні да Расеі. Прэм’ер Арсен Яцанюк мяркуе, што ўкраінскі парламент прыме закон пра антырасейскія санкцыі ў аўторак, 12-га жніўня.

Паводле БелаПАН

Фота yle.fi