У Менску пройдзе стрыт-арт фэст “Urban Myths”
У Менску пройдзе вялікі стрыт-арт фестываль “Urban Myths”. Мастацкія імпрэзы вулічных мастакоў пройдуць ад гэтых выходных – да першага снегу.
Пра тое, што будзе адбывацца на менскіх вуліцах, кажа адзін з арганізатараў Алег Ларычаў:
– Плануем з канца верасня і да халадоў прывозіць паступова мастакоў. Усё будзе адбывацца па схеме: прывоз, экскурсія, некалькі дзён нефармальных стасункаў, пасля сустрэчы з людзьмі ў Цэнтры Сучасных Мастацтваў. Падчас сустрэчы мастак мусіць прадставіць тую канцэпцыю, якая ў яго нарадзілася падчас шпацыраў, ну а далей рэалізацыя ўжо на фасадзе.
Адкрыццё стрыт-арт серыі распачнецца 6-га верасня з робата, якога завуць “Малявач”. Робат па зададзеным у праграме эскізе за сем гадзін размалюе сцяну дома на вуліцы Магілёўскай у Менску.
Вядома, што прыняць удзел у стварэнні графіці на фасадах менскіх шматпавярховых дамоў пагадзіліся творцы з Грэцыі, Аўстраліі, Гішпаніі, Расеі, Украіны і Татарастану.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск