Германія ўзяла рэванш у Польшчы



У цэнтры ўвагі заўзятараў футболу пятніцавым познім вечарам быў паядынак дружын Нямеччыны і Польшчы. Але першымі ў групе “D” выйшлі ў Тбілісі зборныя Грузіі і Шатляндыі. У першым тайме гаспадары дамагліся лакальнага поспеху – мяч на 38-й хвіліне забіў гулец галяндскага “Віцеса” Валеры Казаішвілі – 1:0. Шатляндцам так і не ўдалося адыграцца. Гэта быў цудоўны падарунак ад Грузіі для ірляндцаў. Тыя без асаблівых праблемаў узялі тры свае планавыя ачкі ў Гібралтары. На 27-й хвіліне лік адкрыў абаронец Сайрус Крысці. А пасля перапынку “слова ўзяў” галоўны галеадор брытанцаў Робі Кін, які вызначыўся дублем, давёўшы лік сваім галам за нацыянальную зборную да 67 (!). Канчатковы вынік – 4:0 на карысць гасцей.

Нямеччына і Польшча змагаліся за лідарства ў групе. Ужо на 13-й хвіліне нямецкая бундэсманшафт разыграла ўзорную камбінацыю і 13-ы нумар Томас Мюллер адпраўляў мяч у апусцелую браму. А на 19-й хвіліне вызгачыўся 19-ы нумар чэмпіёнаў свету – далёкі трапны стрэл удаўся Марыё Гётцэ. Аднак польская рэпрэзентацыя не скарылася і на 35-й хвіліне Роберт Левандоўскі забіў свой 27-ы мяч за бяла-чэрвоных. У канцы тайма поле з-за траўмы быў змушаны пакінуць адзін з лідараў польскай дружыны Лукаш Пішчэк. А перад самым антрактам Левандоўскі мог параўняць лік, аднак яго магутны ўдар змог парыраваць Мануэль Ноер. У другім тайме абедзвюм камандам доўга не ўдавалася дамагчыся поспеху. І толькі ў заключнай фазе на дабіванні вызначыўся Гётцэ. У выніку 3:1 на карысць Нямеччыны.

Становішча квартэту прэтэндэнтаў трапіць у фінальную частку Еўра-2016 у гэтай кампаніі зараз такое: Нямеччына – 16 ачкоў, Польшча – 14, Ірляндыя – 12, Шатляндыя – 11.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя