У Менску прадставілі беларускі беспілотнік „Буравеснік”
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі працуе выстава-кірмаш дасягненняў акадэмічнай навукі. Сярод іншага ў экспазіцыі прадстаўлены беспілотны авіякомплекс „Буравеснік”.
Па масе і памерах гэта найбольшы са створаных у Беларусі. Асаблівасцю комплексу з’яўляецца магчымасць кіравання на далёкасці да 300 км. Хуткасць палёту — 80—120 км/гадз, вышыня — 200—5.000 м, працягласць — 10—12 гадзін. „Буравеснік” прызначаны для аператыўнага назірання за вялікімі ўчасткамі мясцовасці.
Яўген Філягін, загадчык лабараторыі НПЦ „БАК і тэхналогіі” Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі: „Гэта першы беспілотнік такога класа на постсавецкай прасторы. Гэта 200—300 кг з максімальнай нагрузкай. І прыярытэтна — гэта далёкасць дзеяння: да 300 км. Зроблены ён для таго, каб маніторыць зямную паверхню, у прыватнасці па замове Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Устаноўлена відэакамера, якая працуе ў звычайным і інфрачырвоным спектрах. У інфрачырвоным спектры можна назіраць зараджэнне ачагоў пажараў у тарфяных залежах, лясных масівах, якія можна ў момант вызначыць па каардынатах, інфармацыю перадаць і ў зародкавым стане прадухіліць пажары на велізарных плошчах.
Гадзіна палёту беспілотніка ў дзясяткі разоў таннейшая за пілатаваныя апараты. Эфект жа, аддача амаль тая ж самая. А пры лясных пажарах ёсць пагроза бяспекі лётчыка. Беспілотнік жа можа знізіцца на вельмі малую вышыню і ўстанавіць найбольш магутныя ачагі пажару. Пілатаваная авіяцыя на такую малую вышыню знізіцца не можа”.