У Гародні пройдзе мастацкая вечарына “Адвечнае слова”
“Адвечнае слова” – мастацкая культурна-асветніцкая вечарына пад такой назвай пройдзе заўтра ў Гародні.
Мерапрыемства прымеркавана да Дня беларускага пісьменства, які на працягу выходных адбываецца ў Шчучыне.
Імпрэза ладзіцца клубам “Праваслаўнай размовы” ў актавай залі Свята-Пакроўскага сабора, і паводле настаяцеля храма Георгія Роя, ёсць пацвярджэннем таго, што праваслаўная царква шануе і беражэ беларускую мову:
– Наш прыход кафедральнага сабора таксама адзначае гэты дзень. Будуць выступаць нашы гарадзенскія паэты, выкладчыкі беларускай філалогіі Гарадзенскага ўніверсітэта. Таксама будзе ладзіцца выстава беларускіх старадрукаў, рэпрынтаў і арыгінальных выданняў.
Сярод удзельнікаў вечарыны “Адвечнае слова” – гарадзенскія паэты Анатоль Брусевіч, Вольга Агапонава і Павел Каспяровіч. Імпрэза пачнецца а 18-ай гадзіне ў нядзелю, уваход – вольны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня