У Вайцюшках – джазавы фэст
На хутары Вайцюшкі ў Наваградскім раёне сёння адбудзецца джазавы фэст, у якім бяруць удзел Павел i Алена Аракелян. Гаспадар хутара і арганізатар канцэрта вядомы музыка Зміцер Вайцюшкевіч паведаміў, што для ўдзелу ў фэсце запрошаны і мясцовыя таленты:
– Я яшчэ вырашыў дадаць мясцовых выканаўцаў – не джазавых, а проста якія ёсць. Тут будзе выступаць духавы аркестр Бярозаўскага шклозавода “Нёман”, з мясцовага Дома культуры. Гэта дзяды, якія разам з маім бацькам калісьці гралі ў аркестры разам, для мяне гэта вельмі вялікі гонар. Ну і плюс яшчэ будзе выступаць таленавітая мясцовая скрыпачка.
Зміцер Вайцюшкевіч таксама паведаміў, што відавочна гэта апошні канцэрт у яго на сядзібе, бо для арганізацыі іх патрэбны немалыя сродкі, а фундатары так і не знайшліся.
Пачнецца сённяшні канцэрт а 19-й гадзіне беларускага часу.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота budzma.by