У Менску развіталіся з Уладзімірам Кішкурнам
Уладзімір Кішкурна памёр раніцай 4 верасня ў рэанімацыі Івацэвіцкага цэнтральнага раённага шпіталя, куды быў дастаўлены 2 верасня пасля дарожна-транспартнага здарэння.
Развітанне з Уладзімірам Кішкурнам адбылося ў ягонай прыватнай сядзібе ў Менску ў суботу. Над сядзібай традыцыйна лунаў бел-чырвона-белы сцяг.
Развітацца з актывістам прыйшлі паплечнікі і сябры. Сярод іх — Валер Мазынскі, Вінцук Вячорка, Аляксей Марачкін, Пётра Садоўскі, Аляксей Кавалец, Алесь Бяляцкі, Кася Камоцкая, Вольга Мікалайчык, фермер Уладзімір Матусевіч, Сяргей і Тамара Мацкевічы ды іншыя. Знакаміты цымбаліст Аляксандр Лявончык зайграў беларускія і класічныя сусветныя журботныя мелодыі, спяваў хор пад кіраўніцтвам Аляксея Галіча.
Пахавалі Уладзіміра Кішкурну на могілках вёскі Строчыцы Менскага раёна.
Фота svaboda.org