Любоў Лупашко: Гэта самыя масавыя акцыі пратэсту ў Кішынёве з пачатку 90-х



Пра тое, што ў апошнія дні адбываецца ў Кішынёве, распавядае рэдактар малдоўскай газеты „Curierul Economic” Любоў Лупашко.

3_mol

2_mol

Любоў Лупашко: 6 верасня ў Малдове пачаліся бястэрміновыя акцыі пратэсту супраць кіраўніцтва краіны – самыя масавыя з пачатку 90-х гадоў. Іх удзельнікі патрабавалі і працягваюць патрабаваць адстаўкі прэзідэнта, ураду, генпракурора, кіраўніцтва Нацбанка, Цэнтрвыбаркама, грамадскай тэлерадыёкампаніі, а таксама пакарання вінаватых ў знікненні 1 мільярда даляраў з банкаў краіны.

РР: Колькі людзей сабралася на плошчы, бо звесткі з розных крыніц розныя?

Любоў Лупашко: Арганізатары кажуць пра 100 тысяч чалавек. Яшчэ частка людзей, як было аб’яўлена з трыбуны, “забуксавала” недзе па дарозе: паліцыя не пусціла ў сталіцу некалькі аўтобусаў з рэгіёнаў краіны з жадаючымі ўдзельнічаць у акцыі. Цікава, што ўрад Малдовы вырашыў зладзіць вялікі канцэрт, нягледзячы на масавыя мітынгі і тысячы пратэстоўцаў, якія выступаюць супраць дзеючай улады. Пад выглядам распрацоўкі новых мабільных пакетаў дзяржаўным аператарам алігархі павінны былі вабіць гледачоў мегаканцэртам з удзелам такіх расейскіх артыстаў, як Філіп Кіркораў, Вера Брэжнева і іншыя. Канцэрт быў прызначаны на 11.00 на тэрыторыі Moldexpo – за адну гадзіну да пачатку акцыі пратэсту на плошчы.

Іншы канцэрт быў запланаваны ў той жа час у Археі. У якасці запрошаных гасцей значыліся Мікалай Баскаў і іншыя расейскія вядомасці. Нагадаю, што зараз горад Архей – пад уплывам новаабранага мэра Ілана Шора. Гэта бізнесмен, якога і падазраюць у крадзяжы мільярда даляраў. Дарэчы, многія з выканаўцаў адмовіліся прымаць у гэтым удзел, бо баяліся патрапіць у вір палітычных спрэчак. Адметна і тое, што напярэдадні пратэстаў Нацыянальнае агенцтва па рэгуляванню ў энергетыцы заявіла аб адмене рашэнняў аб павышэнні тарыфаў на газ і святло, якія былі прыняты ўстановай два месяцы таму. Многія эксперты кажуць, што гэтыя маніпуляцыі ўрад робіць для таго, каб знізіць аб’ёмы пратэстаў, якія аб’явіла грамадзянская плаформа “Годнасць і Праўда”.

РР: Ініцыятарам пратэстаў выступіла гэтая грамадзянская платформа?

Любоў Лупашко: Так, пры гэтым яна створана зусім нядаўна – у лютым гэтага году. Як абяднанне няўрадавых арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў самых розных палітычных поглядаў, партыйнай прыналежнасці, мовы зносін. Вясной “Годнасць і Праўда” ўжо правяла дзве масавыя акцыі, але такой колькасці ўдзельнікаў акцыі пратэсту Кішынёў не бачыў даўно.

РР: Ці праўда, што салідарнасць з мітынгуючымі праявіла і малдоўская дыяспара за мяжой?

Любоў Лупашко: Так, у тым ліку, – у Італіі, у Румыніі, у Ірландыі і Францыі.

РР: Ці магчымы ў гэтай сітуацыі кампраміс пратэстоўцаў з уладамі?

Любоў Лупашко: Цяжка сказаць, але пакуль што супрацьстаянне працягваецца. Напрыклад, праанансаваная раней сустрэча абранага маніфестантамі каардынацыйнага савета з 10 чалавек з прэм’ерам Валерыем Стральцом не адбылася. Адзін з лідараў “Платформы” Андрэй Нэстасэ заявіў, што з імі не захацелі сустракацца. У прэс-службы ўраду свая версія: маўляў, прэм’ер-міністр і некалькі членаў ураду прыйшлі на сустрэчу ў Міністэрства сельскай гаспадаркі, а ў гэты час пратэстоўцы прыйшлі ва ўрадавы будынак. У выніку справа закончылася пабудовай намётавага гарадку. Пратэстоўцы заявілі, што будуць знаходзіцца на плошчы да перамогі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Любоў Лупашко і Канстанцін Грыгорыца