У Берасці БСДП(Г) рыхтуе больш 40 назіральнікаў на выбары
Больш за сорак доўгатэрміновых назіральнікаў рыхтуюць прадстаўнікі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) у Берасці. Яны будуць сачыць за працэсам галасавання ў часе датэрміновага галасавання, а таксама ў асноўны дзень выбараў – 11 кастрычніка на больш чым дваццаці ўчастках, – распавяла адная з каардынатараў назірання ў межах кампаніі ’’Права выбару’’ ад БСДП (Грамада) Святлана Алесюк:
– Мэта назірання – гэта перадусім забяспечыць няспыннае назіранне. То бок гэтыя людзі павінны пастаянна знаходзіцца на выбарчых участках і строга адсочваць яўку, а таксама парушэнні, пачынаючы ад дня датэрміновага галасавання і заканчваючы асноўным днём.
„Мы зацікаўленыя ў тым, каб выбары прайшлі галосна, сумленна, празрыста, аднак наколькі гэтыя пажаданні будуць суадносіцца з рэальнасцю пабачым толькі па выніках выбараў,” – дадала актывістка.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.
Фота dzedzich.org