На Берасцейшчыне пенсіянераў больш чым дзяцей



Чацвёртае месца заняла Берасцейская вобласць па колькасці насельніцтва пасля горада Менска, Гомельскай і Менскай абласцей. На 1 верасня 2015 году тут пражывала каля 1 мільёну 400 тысяч чалавек. Пра гэта сведчаць дадзеныя Беларускага статыстычнага ўпраўлення. У параўнанні з пачаткам году колькасць насельніцтва паменела прыблізна на 500 чалавек. Апытаныя на цэнтральных вуліцах жыхары Берасця лічаць, што каб павялічыць колькасць жыхароў вобласці – трэба заахвочваць маладыя сем’і нараджаць больш дзяцей:

– Патрыятызм – і адсюль ужо ўсё іншае: сям’я, дзеці. А дзяржава… Можа не ільготы патрэбны, а даваць людзям больш зарабляць, тады яны змогуць без ільгот ражаць колькі ім хочацца.

– На другога дзіця вялікую суму даюць – 21 мільён. Я сама бухгалтар, таму бачу, колькі даюць. Трэба неяк стымуляваць грашыма.

Згодна статыстычных дадзеных, кожны чацвёрты жыхар Берасцейскай вобласці – у пенсійным узросце, колькасць асобаў гэтай катэгорыі перавышае колькасць дзяцей ва ўзросце да 16 год амаль на 80 тысяч чалавек. Для параўнання – у 1959 годзе колькасць дзяцей перавышала колькасць асобаў сталага ўзросту ў 2,5 разы.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота news.tut.by