Германія і Польшча: па кроку да Еўра-2016



У Старым свеце працягваюцца адборавыя паядынкі да Еўра-2016.

У групе “D” сустракаліся Шатляндыя-Нямеччына і Польшча-Гібралтар. Аднаклубнікі па мюнхенскай “Баварыі” Роберт Левандоўскі і Томас Мюллер вялі завочную спрэчку за тытул лепшага бамбардзіра. Але калі паляк мог падумаць і пра асабістыя дасягненні з гледзішча поўнай перавагі польскай рэпрэзентацыі над Гібралтарам, то Мюллеру было не да гэтага. Нягледзячы на дубль Томаса ў першым тайме, шатляндцы двойчы параўноўвалі лік. У выніку Польшча дамаглася буйнай вікторыі – 8:1 (галы: Каміл Грасіцкі, 8-я, 15-я, Левандоўскі, 19-я, 29-я, Аркадзіуш Мілік, 56-я, 72-я, Якуб Блашчыкоўскі, 59-я, Барташ Капустка, 74-я; Джэйк Гослінг, 87-я).

Вікторыю немцам прынёс у другім тайме дакладны стрэл Ілкая Гюндагана – 3:2 на карысць чэмпіёнаў свету. Гэта пятая запар вікторыя бундэсцім.

Ірляндыя толькі ў другім тайме зламала абарончыя бастыёны Грузіі. На 69-й хвіліне вызначыўся форвард Джонатан Уолтэрс – 1:0.

Група “D”: Германія – 19 ачкоў, Польшча – 17, Ірляндыя – 15, Шатляндыя – 11.

Заблытаная сітуацыя пасля панядзелка склалася ў групе “F”. Лідар кампаніі Паўночная Ірляндыя прымала Венгрыю і прайгравала, прапусціўшы на 74-й хвіліне. Аднак брытанцы на апошніх хвілінах здолелі ўратавацца – 1:1. Гэтае каштоўнейшае ачко можа вывесці іх у перспектыве ў фінальную частку Еўра. Румынія пры сваіх гледачах не змагла даць рады абароне Грэцыі – 0:0. Уваскрэслі надзеі Фінляндыі, якая дома мінімальна адолела Фарэрскія выспы – 1:0.

Група “F”: Паўночная Ірляндыя – 17 ачкоў, Румынія – 16, Венгрыя – 13, Фінляндыя – 10.

Засуха спасцігла ўдзельнікаў групы “І”. Данія на выездзе не змагла адолець Арменію – 0:0. Такі ж лік вельмі доўга трымаўся ў паядынку Албанія-Партугалія. І ўсё ж пірынейцы на апошняй 93-й хвіліне вырвалі запаветныя тры ачкі – героем матчы стаў Мігель Велозу, які пасля падавання кутняга галавой даслаў мяч у сетку.

Група “І”:  Партугалія – 15 ачкоў, Данія – 12, Албанія – 11. Зазначым, што датчанам засталося правесці толькі адзін паядынак, іх канкурэнты маюць яшчэ па дзве гульні.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя