Пра талерантных беларусаў
Пакуль еўрапейцы прымаюць мігрантаў ды прапаноўваюць дах бежанцам у сваіх дамах, рэдактар газеты „СБ Беларусь сёння” Павал Якубовіч называе мігрантаў дармаедамі.
У Еўропе – наплыў мігрантаў. Бежанцы з Сірыі ратуюцца ад ісламістаў і вайны. Для таго, каб патрапіць у спакойную Еўропу, бежанцы згодныя цярпець жорсткія ўмовы даезду да Еўропы. Не так даўно ўсіх шакавала фота трохгадовага хлопчыка, якога знайшлі мёртвым на беразе Турцыі. Лодка, на якой плыла дзіця і ягоныя бацькі з братам, перавярнулася. Дзесьці знаходзяць закрытыя фургоны, дзе задыхнуліся некалькі дзясяткаў мігрантаў. Аднак нягледзячы на ўсе рызыкі, бежанцы згодныя на небяспеку, паколькі вайна яшчэ больш страшная. Але вось некаторыя талерантныя беларусы маюць свой погляд на сітуацыю з уцекачамі ў Еўропе. Рэдактар „СБ Беларусь сёння” Павал Якубовіч лічыць, што цяперашняя міграцыйная палітыка Еўропы прывядзе да краху гэтай самай Еўропы. Маўляў, „усе імкнуцца ў багатую Еўропу, хочуць добра жыць і не працаваць”. Наконт добра жыць і не працаваць гэта ён, відаць, з беларускімі парламентарамі пераблытаў. Вось хто сапраўды сядзіць на шыі ў беларускіх падаткаплацельшчыкаў. Добра, што народных абраннікаў у нашай краіне 110 чалавек, а не 110 тысячаў.
Рэдактар газеты „СБ Беларусь” Павал Якубовіч так расхваляваўся за лёс Еўропы з-за наплыву мігрантаў, што заявіў наступнае: „Калі еўрапейскія краіны не знойдуць смеласці сказаць гэтаму наплыву мігрантаў і дармаедаў тое, што трэба, ужо заўтра гэтыя прыезджыя арганізуюць свае грамады, „падамнуць” мясцовае насельніцтва, Еўропу чакае крах”. Сапраўды, трэба, каб як у Беларусі. Увесці падатак на дармаедаў. Прыехаў, не працуеш – плаці. А тое, што працу не можаш знайсці, дык праблемы індзейцаў шэрыфа не хвалююць. Павал Ізотавіч Якубовіч з жахам кажа, што еўрапейскім палітыкам трэба думаць не толькі пра нямецкіх выбарцаў, але і пра турэцкіх, паколькі яны таксама галасуюць. Рэдактар газеты „СБ Беларусь”, відаць, дагэтуль жыве ў рэчаіснасці ХХ стагоддзя, калі вызначальным з’яўлялася нацыянальнасць, а не грамадзянства. Павал Якубовіч забыўся, што калі чалавек мае, да прыкладу, нямецкае грамадзянства, то ён мае права галасаваць у Нямеччыне незалежна ад таго, прыехаў ён з Турцыі ці з Сірыі.
На фоне „талерантнага” Паўла Якубовіча, які называе мігрантаў дармаедамі, былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса сказаў, што гатовы пасяліць у сябе бежанцаў. Пра магчымасць прадаставіць дах для мігрантаў у сябе дома заявіў і прэм’ер Фінляндыі Юха Сіпіля. А Папа Францішак заклікаў каталіцкія сем’і Еўропы прымаць у сябе дома сем’і бежанцаў.