Пратэсты ў Малдове: што далей?
Тысячы малдаван на вуліцах Кішынёва, больш за 100 намётаў – у сталіцы Малдовы працягваецца антыўрадавы пратэст, выкліканы карупцыйнымі скандаламі.
Асноўнае патрабаванне пратэстоўцаў – адстаўка ўрада і датэрміновыя выбары парламента і прэзідэнта. “Гэтыя пратэсты нельга назваць нечаканымі”, – адзначае ў гутарцы са Змітром Косціным палітычны эксперт, публіцыст польскага выдання “Новая Еўропа” Кшыштаф Каляноўскі.
Кшыштаф Каляноўскі: Гэты пратэст быў чаканы ўжо цягам паўгода. Пратэст перадусім звязаны са скандалам, які выбухнуў на прыканцы мінулага – пачатку гэтага гадоў.
З трох галоўных банкаў Малдовы вывелі каля 1 мільярда даляраў, і ў гэтую справу былі замешаныя таксама людзі, звязаныя з кіруючай кааліцыяй. Пазней гэта прывяло да ўрадавага крызісу ў Малдове. У малдаўскай палітыцы ёсць вялікая праблема, бо тыя партыі, якія моцна падкрэсліваюць еўрапейскія вартасці на сваіх штандарах, паводзяць сябе гэтак жа, як і тыя партыі, якія скампраметаваліся яшчэ перад мінулымі пратэстамі ў 2009 годзе. Сёлета ўвесну ўзнік рух, які называецца “Годнасць і праўда”. Гэты рух складаецца перадусім з медыйных асобаў, а не звязаных з палітыкай. І пакуль што гэты рух па-ранейшаму застаецца хутчэй грамадскім, чым палітычным. Гэты рух якраз і арганізаваў пратэст. Праўду кажучы, пытаннем было толькі адно: калі гэты пратэст адбудзецца? Але сёлета ўжо пару разоў праходзілі антыўрадавыя дэманстрацыі.
РР: Наколькі пратэст у Кішынёве падобны да “Майдана” ўзору лістапада 2013 года?
Кшыштаф Каляноўскі: Я не ўпэўнены ў тым, што можна праводзіць наўпроставыя паралелі. Трэба памятаць, што ў Кіеве па-іншаму развіваліся падзеі. Там адбылася Аранжавая рэвалюцыя, якая таксама прывяла да змены ўлады, і падставай рэвалюцыі была фальсіфікацыя выбараў. У Малдове ў 2009 годзе адбыўся іншы пратэст, ён быў таксама падобны. Пасля выбараў, на якіх нібы выйгралі камуністы, адбыліся пратэсты, вынікам якіх стаў прыход да ўлады партыйнай кааліцыі пад назвай “Альянс для еўрапейскай інтэграцыі”. І з таго моманту, у адрозненне ад урада Януковіча ва Украіне, Малдова паслядоўна ішла па шляху еўрапейскай інтэграцыі. Прынамсі, тады так выдавалася і так каментавалі падзеі ў Малдове еўрапейскія палітыкі. Найбольшымі поспехамі, якія на свой рахунак запісвае праеўрапейская кааліцыя, сталі падпісанне Дамовы аб асацыяцыі з ЕЗ і ўвядзенне бязвізавага рэжыму для грамадзянаў Малдовы. Гэта тыя станоўчыя рэчы, якія кааліцыя актыўна выкарыстоўвала.
З іншага боку, трэба адкрыта сказаць, што працэс рэформаў быў даволі павярхоўны. Тут было толькі пытанне часу, калі гэта стане заўважным. У тыя гады, калі я быў у Малдове, да сярэдзіны мінулага года адбываліся таксама розныя скандалы. Аднак, толькі пасля выбуху “банкаўскага скандалу”, калі раптам апынулася, што з банкаў вывелі мільярд даляраў, не скажу, што ўзнік грамадскі рух, але ў грамадстве з’явілася апатыя і разгубленасць.
РР: Мы ва Усходняй Еўропе прызвычаіліся шукаць падводныя камяні, разглядаць тэорыі змовы. Цяпер многія задумваюцца, хто можа стаяць за гэтымі пратэстамі. Ці ёсць нейкая палітычная сіла ўнутры Малдовы ці па-за яе межамі, якая магла б арганізаваць гэты пратэст?
Кшыштаф Каляноўскі: Вядома, можна было б разглядаць вельмі многа розных тэорыяў. Ясна, што “прарасейскія” партыі, як “сацыялісты” Ігара Дадона, ці партыя алігарха Рэната Усатага, могуць скарыстаць пратэсты ў сваіх мэтах. Гэта можна было заўважыць на нядаўніх мясцовых выбарах у Малдове. Той самы Рэната Усаты, партыю якога не так даўно абвінавачвалі ў злоўжываннях, а сам ён пасля гэтага ўцёк у Маскву, праз некалькі месяцаў вярнуўся з “арэолам пакутніка” і перамог на выбарах мэра Бельцаў – другога па колькасці насельніцтва горада Малдовы. На расейскіх тэлеканалах, такіх як RT, што цяперашнія пратэсты ў Малдове прадстаўленыя з пэўнай надзеяй і здзекам: ці мы не папярэджвалі? Але я ўсё ж не шукаю нейкага замежнага “натхнення” гэтых пратэстаў. Я не выключаю, што пратэсты будуць карысныя для “прарасейскіх” сілаў у Малдове, бо гэтая кааліцыя, якую лічылі праеўрапейскай, скампраметавала сябе.
Варта разумець, што геапалітыка занадта доўга была асноўнай адзнакай таго, да чаго імкнуцца паасобныя палітычныя партыі. У сваю чаргу, унутраныя праблемы і праблемы рэформаў, якіх моцна патрабуе Малдова, увесь час адыходзілі на другі план. Палітычная дыскусія ў краіне доўга вялася наконт таго, з кім яднацца, куды ісці: на захад ці на ўсход. Але геапалітычныя кірункі не вырашаць таго, што трэба зрабіць у Малдове.
РР: Украінскія пратэсты паказалі, што прагназаваць развіццё падзеяў вельмі складана. Які лёс чакае гэтыя пратэсты? Ці магчымы сілавы разгон? Ці пратэст пераможа?
Кшыштаф Каляноўскі: Я сумняваюся ў тым, што можа быць выкарыстаны сілавы варыянт разгону пратэстаў. З іншага боку, самі пратэстоўцы, напрыклад, журналістка Наталля Морар, задаюцца сабе пытанне: калі лозунгі пратэстоўцаў будуць рэалізаваныя і ў краіне пройдуць датэрміновыя выбары, што гэта дасць?
Сёння ў Малдове няма ніякай альтэрнатывы існуючай уладзе па-за тымі палітычнымі сіламі, якія ўжо добра вядомыя грамадзянам краіны. І нават калі партыі новыя, іх ствараюць тыя самыя палітычныя фігуры. Зараз у Малдове выбар палягае між сённяшняй урадавай нібы “праеўрапейскай” кааліцыяй, якая скампраметавалася, і палітыкамі, якія выказваюць адкрыта русафільскія лозунгі, пры гэтым яны таксама скампраметаваліся, толькі крыху раней. Малдаване, відаць, чакаюць нейкага свежага “подыху”.
Праўда, нядаўнія мясцовыя выбары паказалі, што яны па-ранейшаму даюць сябе падмануць лозунгамі палітычных “рыцараў на белым кані”, “збавіцеляў”, бо ў тых жа Бельцах ці ў Археі перамаглі кандыдаты, якія падчас выбарчай кампаніі “засыпалі” выбарцаў грашыма, рознымі ўзнагародамі. Гэтыя трукі надалей спрацоўваюць у Малдове, выбарцаў у час кампаніі можна проста купіць.
Напярэдадні прэзідэнта краіны Нікалаэ Цімафці заявіў, што адмаўляецца пайсці ў адстаўку. Адстаўка кіраўніка краіны, ураду і следчых органаў краіны – гэта асноўнае патрабаванне пратэсаў у Малдове. Арганізатары заяўляюць, што пратэст будзе працягвацца да поўнага выканання ўсіх вылучаных патрабаванняў.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ru.sputnik.md