Мікалай Статкевіч: „Я вітаю вяртанне Міхалевіча!”



Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч кажа, што з вялікай павагай ставіцца да Алеся Міхалевіча і вітае ягоны мужны крок — вяртанне на Радзіму.

01451ADA-4264-42BB-87C5-8188873C3F27_mw1024_s_n

«Я лічу, што больш за ўсё ў «амерыканцы» пасля падзеяў 19 снежня 2010 году ціснулі менавіта на Алеся, з ім абыходзіліся надзвычай жорстка. І прычына, як ні дзіўна, была ў ягонай больш памяркоўнай пазіцыі сярод усіх апазіцыйных кандыдатаў. Алесь у гэтай сітуацыі пайшоў на пэўныя саступкі, ён падпісаў паперы. Але далей ён дзейнічаў, я лічу, вельмі эфектыўна, годна, мужна. Ён зрабіў адразу ж заяву пра тое, што ён падпісаў паперу. Ён пайшоў на вымушаны крок. Але для мяне важна, што ён потым адкрыта заявіў пра катаванні і тым самым уратаваў шмат каго ад гэтых катаванняў. Менавіта пасля ягонай заявы катаванні ў «амерыканцы» спыніліся. Ён у той сітуацыі выйшаў, як здолеў, але ягоныя паводзіны былі прадуманыя. Алесь выбраў найбольш, скажам так, хітрую тактыку на выбарах і хітрую тактыку вызвалення. Пасля гэтага Алесь вымушаны быў з’ехаць за мяжу.

Я пацвярджаў, што чуў і бачыў, што там адбывалася, бо сапраўды ў турме КДБ ужываліся катаванні. Там пастаянна чуліся крыкі, лямант. Ад мяне хутка адчапіліся — я ж на галадоўцы быў. А людзі ж расказвалі… Мяне пасадзілі потым у камеру, дзе раней сядзеў Някляеў, і былі пастаянныя вобшукі, людзей ганялі з рэчамі па лесвіцах, ставілі на расцяжкі…

І ўжо потым, калі нам сталі прыносіць газеты і мы даведаліся, што Алесь выйшаў і зрабіў заяву, спыніліся гэтыя крыкі, спыніліся маскі-шоу. Спынілася ўсё менавіта пасля заявы Алеся, я перакананы. Але калі я даведаўся пра гэтую заяву, падумаў: «Хлопец, што яны з табой зробяць?» Бо ў спецслужбаў, калі хтосьці даў падпіску аб супрацы, а потым публічна заявіў пра гэта, такое лічыцца правалам. У іх потым праблемы ўзнікаюць, і яны пачынаюць помсціць. Таму яго ад’езд з краіны быў вымушаны.

Цяпер ён ідзе на рызыку, але ён хоча быць у Беларусі, хоча працягваць сваю дзейнасць. І, я думаю, ніхто не папракне яго, калі ён вернецца ў беларускую палітыку на адну з першых роляў. Я лічу, што да яго ніякіх папрокаў быць не можа.

Я не думаю, што мерай стрымання будзе зняволенне. Цяпер проста ідзе рэакцыя, таму што фармальна ён у вышуку. Я думаю, будзе падпіска аб нявыездзе, а потым гэтую справу будуць неяк спускаць на тармазах. Праўда, ёсць рызыка, калі гэтага не здарыцца да выбараў, то могуць прыдумаць што-небудзь горшае. Але я вітаю Алеся ў Беларусі і гатовы паціснуць яму руку», — сказаў Мікалай Статкевіч.

Радыё Свабода