У Гародні наблізіліся да “загадкі Кастуся Каліноўскага”



Гарадзенская галерэя “Крыга” стала месцам прэзентацыі матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі”, якая адбылася вясной мінулага года ў Лондане.  Пад адной вокладкай сабраныя гістарычныя працы  больш чым дзесяці аўтараў з Беларусі, Польшчы, Англіі і Літвы, якія прысвечаныя постаці Кастуся Каліноўскага як аднаго з правадыроў паўстання 1863 года і яго ролі ў гісторыі.

kalinouski1

Менавіта спрэчкі на гэтую тэматыку, па словах аднаго з аўтараў кнігі, доктара гістарычных навук  Алеся Смалянчука, не спыняюцца да гэтыга часу:

– Польска-расейскае змаганне ўвесь час уплывала на нашую гісторыю. Камусьці хацелася паказаць Каліноўскага не беларускім, а польскім героем, камусьці – наадварот. Усё было вельмі складана і няпроста. Але, я думаю, што ўсё ж такі беларуская гісторыяграфія зрабіла ўжо шмат і мае добрыя перспектывы выйсці на такі аб’ектывісцкі вобраз Каліноўскага, які не будзе супярэчыць вобразу Каліноўскага як беларускага героя.

Сярод аўтараў кнігі – вядомыя навукоўцы, такія як гарадзенскія гісторыкі Алесь Смалянчук і Алесь Радзюк, Арнольд Макмілін з Лондану і  Дарота Міхалюк з Торуня. Зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі” пабачыў свет на дзвюх мовах – беларускай і ангельскай.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня