Адсядзецца, адмаўчацца… да лепшых часоў?



Самыя цікавыя рэчы здараюцца нечакана. Самыя гучныя навіны падбіраюцца да вас ціха.

Так у зусім не юбілейны год перамогі пад Воршай здарылася нечаканае: апошні з магчымых палітычных вязняў – Алесь Міхалевіч – вярнуўся ў Беларусь, быў затрыманы ў Гудагаі, але – нечакана хутка! – вызвалены… Сітуацыя абнулілася і зайшла на новы віток развіцця падзей. Восень. Верасень. Хутка выбары. І здаецца, усім усё зразумела… Выбары?

Беларусаў больш хвалюе рост долара ці еўра і пустыя кішэні ў перспектыве. Тут бы зарабіць на кавалак хлеба ды адсядзецца на сваім хутары, адмаўчацца… У суседзяў – свае праблемы. Старэча Еўропа змагаецца з наплывам усходніх бежанцаў і сама не ведае, што з усім гэтым рабіць. Ім па вялікім рахунку заўжды не да нас… А нашы праблемы тут і цяпер зусім не праблемы ў параўнанні з іншымі.

І таму ёсць шанец адсядзецца, адмаўчацца (да лепшых часоў!) і зарабіць на кавалак хлеба сабе ды сваёй сям’і. Толькі вось і сям’я простага чалавека можа апынуцца ў віры неспакойных падзей. Нядаўняя гісторыя з сям’ёй інваліда першай групы Ганнай Бахур шчасліва і лагічна завяршылася. Дакладней, гісторыя сям’і Ганны толькі распачынаецца, і хочацца верыць, што надалей усё будзе добра.

Тым часам у горадзе Бабруйску сацыяльныя службы адбіраюць двух дзетак у маці-адзіночкі за тое, што яна распачала рамонт і не змагла яго своечасова скончыць, не аплаціла дзіцячы садок і камунальныя паслугі своечасова. 27-гадовая Анастасія Навоева ўлезла ў пазыкі пасля таго, як прадпрыемства “Белшына”, дзе яна працуе, пачало нерэгулярна выплочваць заробкі. Жанчына пачала працаваць у тры (!) змены, несвоечасова забрала малодшую дачку з бальніцы, зноўку ўлезла ў даўгі…

Афіцыйная статыстыка. Белстат. Па стане на 1 верасня маем ў Беларусі 432 арганізацыі, што затрымліваюць заробак сваім супрацоўнікам. Гэта каля 68 тысяч беларусаў. У гэтых беларусаў ёсць дзеці і ўнукі.

Дзіўная гісторыя з Анастасіяй Навоевай. Супярэчлівая. І чамусьці разумееш, што калі не знойдуцца юрысты, журналісты і проста неабыякавыя людзі, то дзяцей у жанчыны, што трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, проста адбяруць.

І мала шанцаў адсядзецца, адмаўчацца, калі парушаюцца правы іншых людзей, іншых сямей, бо рана ці позна штосьці падобнае можа здарыцца з табой.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ