Праўленне БАЗА накіравала зварот кангрэсменам



Кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага аб’яднання (БАЗА) звярнулася да кангрэсменаў Дане Рабакеру і Грэгары Мікса, якія наведалі Беларусь у пачатку жніўня.

ЗША

Падчас першага за многія гады візіту на такім узроўні кангрэсмены асабіста сустракаліся з беларускім прэзідэнтам.

Кіраўніцтва БАЗА нагадала Рабакеру і Міксу, што Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе больш як 21 год і з часу яго абрання ні адны наступныя выбары не прызнаваліся сумленнымі і свабоднымі сусветнай супольнасцю.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні праўлення аб’яднання Вячаслаў Бортнік, у звароце ўтрымліваецца заклік да амерыканскіх кангрэсменаў пры далейшым узаемадзеянні з беларускім рэжымам патрабаваць аднаўлення ў правах былых палітзняволеных і неадкладнага расследавання знікнення палітыкаў і журналіста ў 1999—2000 гадах.

26 жніўня кангрэсмены Рабакер і Мікс накіравалі ліст падзякі Лукашэнку, у якім, у прыватнасці, гаварылася: „Мы выказваем глыбокую падзяку за той час, што Вы правялі з намі падчас нашага нядаўняга візіту ў Вашу краіну. Наша гутарка была прамой і канструктыўнай. Нам асабліва прыемна было пачуць аб тым, што Вы памілавалі некалькі вядомых асоб, што знаходзяцца ў апазіцыі да Вашага ўрада”.

Далей кангрэсмены заявілі пра намер запатрабаваць ад дзяржсакратара Керы неадкладнага аднаўлення дыпламатычных адносін з Беларуссю ў поўным аб’ёме, уключаючы абмен пасламі. Рабакер і Мікс выказалі надзею на далейшае асабістае супрацоўніцтва з Лукашэнкам на доўгія гады наперад.

belapan.by