Алесь Мех: Знішчаецца наша гістарычная памяць
Грамадскаму актывісту Алесю Меху з Кобрыня не ўдалося аспрэчыць у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь сваё права на ўскладанне кветак да помнікаў нацыянальным героям Беларусі. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч не бачыць падстаў для адмены рашэння суда Кобрыньскага раёна.
Менавіта гэты суд пакараў актывіста Меха штрафам у памеры паўтара мільёна рублёў за ўскладанне кветак ля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы, кажа Алесь Мех:
– Рашэнне намесніка старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь яшчэ раз сведчыць, што гэтая ўлада не проста антынародная. Яна антыбеларуская. Раней былі знішчаны Герб, Сцяг – сімвалы нашай краіны. Потым знішчана была наша культура, наша мова. А зараз знішчаецца і гістарычная памяць пра нашых нацыянальных герояў.
Алесь Мех не пагадзіўся з рашэннем Вярхоўнага суда і мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Беларускае Радыё Рацыя