Польскі МЗС асуджае арышты азербайджанскіх праваабаронцаў



Польскае міністэрства замежных спраў выказвае занепакоенасць палітычна матываванымі арыштамі азербайджанскіх праваабаронцаў і дзеячоў.

“Асабліва нас занепакоілі санкцыі ў дачыненні да паважанага юрыста і праваабаронцы Інтыгама Аліева, праваабаронцаў Лейлы і Арыфа Юнусаў, Хасана Хусейнлі, Расула Джафарава, журналіста  Раўфа Міркадырава ды іншых апазіцыйных актывістаў ды чальцоў іх сем’яў. Неабгрунтаванасць абвінавачанняў выклікае сур’ёзныя падставы лічыць гэтыя арышты і затрыманні палітычна матываванымі”, – гаворыцца ў паведамленні польскага МЗС.

Раней салідарнасць з азербайджанскімі калегамі выказвалі таксама беларускія праваабронцы, якія напісалі ліст з заклікам вызваліць безпадстаўна арыштаваных і перадалі яго ў азербайджанскую амбасаду. Заяву перадалі праваабаронцы з “Вясны” Уладзімір Лабковіч і Таццяна Равяка:

– На жаль у нас няма вялікіх рычагоў уплыву, зразумела гэта падтрымка салідарнасці, гэта праца на міжнародным узроўні з міжнароднымі арганізацыямі, якія могуць аказаць большы ціск на ўрад Азербайджана, каб лёсы гэтых людзей не заставаліся па-за ўвагай, каб улады адчувалі вось гэты ціск і ацэнку міжнароднай супольнасці, тых спраў адносна якіх яны сцвярджаюць іх выключна крымінальнае паходжанне.

У сваёй заяве польскае знешнепалітычнае ведамства заклікае ўлады Азербайджана спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў Грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікоў апазіцыйных партый ды іх семяў. Польскі МЗС заклікае Баку выконваць абавязацельствы, якія вынікаюць з сяброўства краіны ў Радзе Еўропы, АБСЕ ды ААН.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя