Дармаедства ў лепшых савецкіх традыцыях
У сувязі з увядзеннем новага падатка тэма дармаедаў зноў набыла ў Беларусі актуальнасць. У савецкі час у Гародні таксама ішло змаганне з дармаедствам. Да “тунеядцаў” тады прылічвалі людзей творчых прафесій, хуліганаў і п’яніц, а таксама прадстаўнікоў нефармальнага руху. Многіх з іх адпраўлялі на лячэнне ў ЛТП ці ў дурдомы, некаторых садзілі “на суткі” ці высялялі за межы горада. Сваё стаўленне да сучаснага дэкрэту аб “дармаедах” выказвае адзін з удзельнікаў гарадзенскага руху хіпі Анатоль Макушын:
– Цяжка параўноўваць. Тады “дармаедства” насіла выразны каральны характар: непрыдатных можна было лёгка “прышпіліць”, выправіць “за 101-ы кіламетр”. Перадусім так гэта працавала. Бо я не чуў, каб дзесьці выпадковых людзей хтосьці караў, арыштоўваў. Як правіла, трапляліся сапраўдныя хуліганы, п’яніцы. Ну, і хіпі туды ж, бо няправільна хадзілі, не хацелі хадзіць строем.
Анатоль Макушын быў сведкам антываеннай дэманстрацыі хіпі ў Гародні ў 1971-м годзе. Тады ў жніўні ў горадзе над Нёманам сабралася некалькі сотняў хіпі з усяго Савецкага Саюза. Дэманстрацыя была жорстка падаўленая, а яе ўдзельнікі былі пакараныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня