Святлана Алексіевіч – зноў у прэтэндэнтах на Нобеля
Святлана Алексіевіч – зноў у прэтэндэнтах на атрыманне Нобелеўскай прэміі.
Брытанскія букмекеры высока ацэньваюць шансы беларускай пісьменніцы. Паводле літаратуразнаўцы Івана Штэйнера, перамога Святланы Алексіевіч істотна падагрэла б цікавасць да беларускай літаратуры ў свеце.
– Трэба знаходзіць розныя магчымасці, каб прапагандаваць сваю літаратуру. Я некалі гаварыў з Васілём Быкавым пра гэта і казаў, што для нас была б выключная значнасць, калі б ён стаў лаўрэатам. Ён сціпла казаў, што яму гэта нецікава. Але я адказаў, што гэта было б надзвычай цікава для нас. І сталі б гаварыць пра беларускую літаратуру і культуру ў свеце больш шырока, пачалі б больш цікавіцца нацыянальнай літаратурай.
Настаўнік і бард Вальжына Цярэшчанка лічыць Святлану Алексіевіч супярэчлівай постаццю ў беларускай літаратуры.
– Я чытала толькі першыя яе творы: гэта “Цынкавыя хлопчыкі” і „У вайны не жаночае аблічча”. Усё астатняе мне было неяк цяжкавата чытаць. Чарнобыльская тэма выклікае проста стан анабіёзу. Можа, яно і праўдзівае ў чымсьці. Але калі кніга ў мяне такі стан выклікае, я яе не чытаю. Таго, што я прачытала, лічу, недастаткова для Нобелеўскай прэміі.
Святлана Алексіевіч як пісьменніца дэбютавала ў 1975 годзе. З’яўляецца аўтарам серыі дакументальных кніг „У вайны не жаночае аблічча”, „Цынкавыя хлопчыкі”, „Чарнобыльская малітва”, „Час second-hand”.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота lsinkova.by