Святлана Калінкіна: У беларусаў сацыяльная апатыя
Дадзеныя сацыялагічных даследаванняў, якія агучыў Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сцвярджаюць, што за Аляксандра Лукашэнку на маючых адбыцца 11 кастрычніка выбарах прагаласавала б 76,6% выбаршчыкаў.
Беларускае Радыё Рацыя абмяркоўвае гэтую тэму з шэф-рэдактарам “Народнай Волі” Святланай Калінкінай.
РР: Ці можам мы верыць гэтаму сацапытанню?
Святлана Калінкіна: Беларуская сацыялогія дэманстравала такія цуды, што ёй даўно ўжо давяраць не трэба. Методыкі, калі выкарыстоўваюць тэлефонныя апытанні ці апытанні толькі тых, хто прыйдзе галасаваць, і пасля падаюцца нейкія лічбы, цікавыя з пункту гладжання таго, у якім кірунку ідзе думка нейкіх аналітыкаў у Адміністрацыі прэзідэнта. Для мяне гэтая лічба сведчыць толькі пра адно. Раней нашыя розныя аналітыкі выказвалі такое меркаванне, што дзеля таго, каб выбары былі прызнаныя Захадам, Лукашэнка і Ярмошына на гэтых выбарах агучаць нейкія больш-меньш сціплыя лічбы падтрымкі кіраўніка дзяржавы, гэта 55-57%, але не астранамічныя. Ну, вось мы зараз бачым, што ўсе гэтыя прагнозы, напэўна, не спраўдзяцца, а будуць ізноў астранамічныя лічбы 75-80%, а можа нават і болей. Хоць навукай даказана, што такога не можа быць ні ў адной дзяржаве ні пры якіх абставінах, калі выбары сапраўды свабодныя і дэмакратычныя.
РР: Гэта трэба разглядаць як своеасаблівую падрыхтоўку грамадскага меркавання да таго, што Лукашэнка атрымае 70% і нават болей?
Святлана Калінкіна: Менавіта так я і расценьваю гэтыя лічбы, хоць магу нагадаць, што сітуацыя можа мяняцца літаральна за адзін дзень. Бо на мінулых выбарах цягам дня сацыялагічныя службы агучвалі, напрыклад, па Някляеву і Саннікаву недзе па 5% набраных галасоў. Але пасля адбылося тое, што адбылося, і ў выніку сацыялагічныя службы “забыліся” пра свае прагнозы і зусім малыя лічбы атрымалі і Саннікаў, і Някляеў. З гэтымі лічбамі я б знаёмілася толькі дзеля цікавасці, каб зразумець, што думаюць у Адміністрацыі і які яны бачаць вынік выбараў.
РР: Згодна з гэтым апытаннем 77% беларусаў згодныя з тым, што пры Аляксандру Лукашэнку Беларусь развіваецца ў правільным кірунку. Як Вы лічыце, як беларусы ўспрымаюць перадвыбарчую сітуацыю?
Святлана Калінкіна: Як мне падаецца, у галовах беларусаў сапраўды няма ўцямнага разумення таго, што адбываецца. Бо адно і тое ж апытанне можа даць, што 50-70% падтрымліваюць палітыку дзейснага кіраўніка дзяржавы, а пасля тая ж лічба ў тым жа апытанні паказвае, што іхнае эканамічнае жыццё пагоршылася. Цяжка сказаць, хто чым кіруецца, на маё адчуванне, адчуванне маіх сяброў і тых людзей, якіх я ведаю, у людзей проста апатыя. Людзі бачаць, як катастрафічна пагаршаецца іхнае жыццё, як катастрафічна пагаршаецца сітуацыя на прадпрыемствах, дзе яны працуюць, ніякага свету ў гэтым тунэлі не бачна, але і невядома, што рабіць. Бо калі для ўсіх нармальных краін выбары – гэта выйсце, гэта шанец на змену курса, то для Беларусі выбары – гэта не выйсце. Таму ў людзей проста апатыя.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя