Выйшаў зборнік вершаў настаўніцы з Зэльвеншчыны
У Зэльве выйшаў з друку першы зборнік вершаў “Колеры маёй зямлі” Святланы Літвінчык. Святлана, пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта, жыве ў вёсцы Елка Зэльвенскага раёна. У мясцовай сярэдняй школе працуе намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. А ў вольны час піша вершы. Яны ўжо друкаваліся на старонках раённай, абласной і рэспубліканскай прэсы. Вясковая паэтка свае шчырыя радкі прысвячае маленькай радзіме, Беларусі, хораша і прыгожа апявае родную прыроду і светлыя чалавечыя пачуцці. Чытаючы вершы настаўніцы з Зэльвеншчыны, адчуваеш просты лірызм і філасофскую задуменнасць. Сцвярджаючы красу і гармонію жыцця, паэтка шукае цікавыя спосабы і сродкі раскрыцця складанай дыялектыкі думак і пачуццяў. Трэба ўсё ж быць паэтам, каб напісаць хаця б такія радкі:
Замяло. Намяло. Гурбы панадувала.
Адышло. Адцвіло. Маладосці не стала.
Пражыву. Прапяю, дзетак я пагадую.
І успомню вясну.
І сябе… маладую.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён