Выйшаў новы нумар “Arche”



Выйшаў з друку сёлетні пяты нумар часопіса “Arche”. Нумар не з’яўляецца тэматычным, а аб’яднаў найбольш цікавыя матэрыялы, якія апошнім часам трапілі ў рэдакцыю.

Кажа рэдактар часопіса Алесь Пашкевіч:

– Гэтым разам няма такой канкрэтнай тэматыкі, ён складаецца з розных матэрыялаў і дзеліцца на два блокі – на гістарычны і літаратурны. Асноўную частку па аб’ёму складае пераклад рамана Сяргея Пясецкага “Жыццё раззброенага чалавека”. Гэта адзін з яго ранніх раманаў, які апісвае лёс звольненага з польскай арміі пасля польска-савецкай вайны дэмабілізаванага жаўнера. Акрамя таго ёсць шмат гістарычных матэрыялаў.

Сярод іншых матэрыялаў нумару варта вылучыць палемічны тэкст Юлія Каралёва, у якім ён аргументавана дыскутуе з вядомымі даследчыкамі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі адносна іх сапраўднага маштабу і колькасці пацярпелых.

У сваю чаргу, гісторык Цімафей Акудовіч падводзіць вынікі мінулагодніх дыскусій адносна студзенскага  паўстання на тэрыторыі Беларусі, падымаючы некаторыя спрэчныя пытанні, сур’ёзна не закранутыя беларускімі навукоўцамі і публіцыстамі ў юбілейны год.

arche_piasecki

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя