Эксперт: Страты ад санкцый найбольш адчуе Расея



Санкцыі, якія ўвялі ў адносінах да Расеі ЗША і Еўразвяз несумяшчальныя з тымі санкцыямі, якія ў адказ увяла Расея. Эканамічныя страты панясуць абодва бакі, але ў маштабах валавага ўнутранага прадукту гэтыя страты найбольш будуць адчувальныя для Расеі.

Кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:

– Тое, што ўведзена, яно ўдарыць даволі балюча па Расеі. Гэта павязана перадусім з эфектам маштабу. Напрыклад, Расея і Еўразвяз могуць згубіць з-за санкцый прыкладна па сто мільярдаў даляраў – гэта агульныя страты ад разарваных кантрактаў і гэтак далей, нават крыху больш, за 2015 год. Але для Расеі гэта 5% ад валавага ўнутранага прадукту, а для Еўразвяза гэта ўсяго 0,5%, то бок маштаб стратаў для Расеі больш балючы.

Паводле Аляксандра Сінкевіча, для Расеі ўсё будзе залежыць ад таго, наколькі паспяхова расейскія ўлады і менеджэры пераарыентуюць кантракты на краіны трэцяга свету. Калі гэта атрымаецца, то можна крыху зменшыць гэты ўдар, калі не – тады рэцэсія ў расейскай эканоміцы зацягнецца і паглыбіцца, адзначае эксперт.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя