Што ўкраінцы думаюць пра беларускія выбары?



Украінскі палітычны ландшафт адрозніваецца ад беларускага, бы Карпацкія горы ад палескіх балотаў. Тым не менш, украінцы адсочваюць сітуацыю з прэзідэнцкімі выбарамі ў нашай краіне.

Ці адпавядаюць выбары прэзідэнта Беларусі дэмакратычным стандартам?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война звярнуўся з такім пытаннем да жыхароў Чарнігава.

Грамадскі актывіст Юніс, прадстаўнік мясцовай азербайджанскай грамады: Напэўна, гэта будзе фальсіфікацыя. Я багата ведаю беларусаў, раней ездзіў у Гомель. Там сімпатыі і антыпатыі да Лукашэнкі “пяцьдзесят на пяцьдзесят”. Але ж  кажуць, што амаль увесь народ увесь час пыдтрымлівае аднаго і таго ж чалавека. Нешта гэта сумнеўна…

Пётр, чарнігаўскі бізнэсовец: Мяркую, што адсоткаў на 70 гэта будуць сапраўдныя выбары. Па-сапраўднаму сапраўдныя! Таму што беларусы, гледзячы на ўкраінскія выбары і на іх наступствы, робяць высновы. Нават тыя беларусы, якія незадаволены цяперашняй уладай, робяць высновы. А  ўкраінцы тут бачаць: Лукашэнка – гаспадар. Хай ён і крыху прыціскае свабоду слова, але ж у Беларусі ўсё працуе, як швэйцарскі гадзіннік.

Наталля Георгіеўна, праўніца: На маю думку, у Беларусі нават размовы не можа весціся пра нейкую дэмакратыю. Цяперашні прэзыдэнт Беларусі ва ўладзе ўжо дваццаць гадоў. Гэта ёсць дыктатурай. Палітычная апазіцыя цалкам прыгнечаная. Нехта ў эміграцыі, а нехта і на тым свеце. Народ у Беларусі запалоханы. Сам Лукашэнка чамусь цягне на ўсе вайсковыя парады свайго малалетняга сына. Гэта ж нейкі фарс! Вельмі шкада беларусаў. Калі б яны ў 1994 годзе прагаласавалі правільна, то даўно былі б у Еўрапейскім саюзе.

Андрэй, студэнт-гісторык: Шмат хто з маіх знаёмых сцвярджае, што Аляксандр Лукашэнка – крышачку дыктатар, таму ён на тых выбарах і пераможа. Але хаця ён і трошкі дыктатар, але сапраўдны гаспадар. Шмат хто з маіх знаёмых, з маіх сваякоў нават на нашых прэзыдэнцкіх выбарах пісалі: “Галасуем за Лукашэнку”. Ён бы на нашых выбарах перамог з лічбай адсоткаў у 70, гэта бясспрэчна!

Максім, прадпрымальнік з чарнігаўскага рэчавага рынка: У Беларусі няма дэмакратыі. Там няма незалежных ад улады медыа, няма незалежнага ад улады тэлебачання. І выканаўчая, і судовая ўлада засяроджаная ў абмежаванага кола людзей, блізкага да прэзыдэнта. Таму дэмакратычныя выбары ў Беларусі – фарс. Нядаўна я быў у Гомелі. Народ там запалоханы. Калі спрабуеш гаварыць пра Украіну, адразу відно, што ні хочуць абмяркоўваць ані нас, ані ўвогуле нейкую палітыку.

На прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка чакаюцца міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ і краін СНД. Афіцыйны Кіеў пакуль не вызначыўся, ці варта выпраўляць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі.

Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя