Андрэй Дзмітрыеў: Мы ведаем кандыдата, які вядзе кампанію за замежныя грошы
Цэнтральная выбарчая камісія можа зняць кандыдатаў у прэзідэнты з выбараў, калі высветліць, што агітацыя вядзецца за замежныя грошы. Каманда кандыдаткі Таццяны Караткевіч не баіцца такіх абвінавачванняў. Гаворыць кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.
– Мы ўжо ведаем такога кандыдата – гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які вядзе кампанію за расейскія грошы. Праўда, іх сёлета значна менш, таму і кампанія больш сціплая. Паглядзім, ці здыме яго з выбараў Лідзія Міхайлаўна.
Сённяшні рэжым у Беларусі Дзмітрыеў параўнаў са старым мабільным тэлефонам.
– Давайце ў стары тэлефон з 90-х уставім новую батарэйку і новы экран. І ён будзе яшчэ 50 гадоў працаваць. Мы не сумняваемся. Толькі ніякіх сучасных задачаў з гэтым тэлефонам ужо вырашыць нельга. Ёсць каманда Лукашэнкі, у якую ўваходзіць і Гайдукевіч, і Улаховіч. Гэтая каманда гаворыць: давайце ўсе па-старому, але з нейкім новым банцікам. Ёсць каманда Караткевіч, якая гаворыць: не бойцеся новага.
Таццяна Караткевіч – першая ў гісторыі Беларусі жанчына-кандыдат у прэзідэнты і адзіная дэмакратка з чатырох зарэгістраваных кандыдатаў. Акром таго, тры ейныя апаненты – мужчыны пэнсійнага ўзросту.
Стас Дэдэрка, Беларуская Радыё Рацыя