Мёртвая вада
Калі і хто гэта распачаў – невядома. Бясспрэчна толькі, што гэта былі людзі, надзеленыя вялікім і балючым пачуццём справядлівасці, чулыя да пакутаў прыніжаных і бяспраўных. Людзі, гатовыя змагацца за правы простага люду, і гатовыя дорага заплаціць за свае ідэалы. Успомнім лёсы Радзішчава, „народавольцаў”, Кастуся Каліноўскага…
І так вось, спакваля, склалася няхітрая філасофія – усё, што заганнае, жорсткае і подлае, ідзе ад „вярхоў”, ад багатых, эксплуататараў чужой працы, паразітаў. І, наадварот, маральная чысціня, высокая духоўнасць і дабрыня, – жывуць толькі сярод людзей простых, людзей працы і мазаля.
Думка гэта чырвонай ніткай праходзіла праз усю беларускую савецкую літаратуру. Там нідзе і ніколі не магло быць дадатнага вобразу чалавека багатага, заможнага. Затое поўна было сцэнаў, дзе які-небудзь дзед Нічыпар, або бабка Аўдоцця, з мяккай і спагадлівай усмешкай перамагаюць у спрэчцы залётнага інтэлігенціка ў капелюшы, які адарваўся ад простага люду, гоніцца за „доўгім рублём”.
Тэзу гэту падзяляюць і сучасныя беларускія „адраджэнцы” кшталту Севярынца. Паводле іх, беларускі народ увогуле богаабраны і боганатхнёны. Усё зло ад прыхадняў, чужынцаў. Беларускі ж просты люд ніколі ні ў чым не быў вінаваты. Ягоны маральны компас не ведае збояў, дайце яму волю – і ён выбера і правільны шлях, і годных кіраўнікоў.
І вось нядаўна мы мелі магчымасць паслухаць самых што ні на ёсць простых людзей, плоць ад плоці люду беларускага. Група звыклых вясковых жанчын, якія любяць у вольны ад цяжкой працы час сабрацца ды паспяваць для душы. Нават адмысловы гурт стварылі, і назвалі хораша – „Крынічанька”. І мала ім было усіх звыклых „Касіў Ясь канюшыну”, ды „А я лягу – прылягу”. Душа прагнула нечага новага, сучаснага, што б адлюстроўвала іх цяперашні стан душы, іх запаветныя пачуцці. І – склалі такі песню самі. Чатыры гады стараліся – але сачынілі. І пяюць, шчыра, ад усяго сэрца. Прыслухаемся ж.
Мы ў многіх странах пабывалі,
І прэзідзентаў многа павідалі
Но Лукашэнкі лучшэ ў мірэ нет!
І дзе ж гэта вы, бабкі, пабывалі, якіх вы „прэзідзентаў павідалі”? А ў песні і яшчэ ёсць шмат цікавага пра Лукашэнку, які „умее жаць, умее і пахаць”, больш таго – сваім „ласкавым серцэм людзей к труду умее прыўлякаць!” То й зусім правільна, што „мы, біларусы, клонімся Цібе”.
Песню гэту яны выконваюць на шматлікіх канцэртах, усе ад яе ў захапленні, пляскаюць у ладкі, дапытваюцца, хто сачыніў!
Вось ён, беларускі народ ва ўсёй красе, такі, які ёсць. Сваю мову занядбаў – растаптаў, чужынскай так і не асвоіў як след. Няздольны думаць, супастаўляць элементарныя рэчы. Кіраўнічка групы наіўна прызнаецца, што больш за ўсё баялася, каб іх „не пасадзілі”. Вось табе і „прэзідзент” з „ласкавым серцэм”! І калі гэта хто чуў, каб беларуса трэба было „прыўлякаць” да працы? Толькі тады, калі праца гэта паднявольная і за капейкі. Быў бы вольны, працаваў бы на сябе – непатрэбна была б ніякая прынука.
Сорамна слухаць, гідка глядзець. Вытручана і страчана ўсё, што сапраўды было добрага ў вясковых людзей. Вось адна сядзіць перад камерай, загаліўшы старэчыя тоўстыя сцёгны – нават спрадвечны беларускі жаночы сорам, і той знік… Не, ніякая гэта не „Крынічанька.” Чужынскі „Родничок”.
І вада ў ім – мёртвая.
Як жа цяжка будзе дакапацца да вады жывой.
А трэба. Бо іначай – загінем.